28 верасня на базе раённага аб’яднання прафсаюзаў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Шышко.
У сустрэчы прымалі ўдзел старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак і намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч.
Наведвальнікі звярталіся па пытаннях, якія тычацца тлумачэнняў нормаў заканадаўства, што рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў.
За дзве гадзіны паступілі 4 тэлефонныя званкі.
Работніцу КСУП “Войневічы” цікавіла, ці могуць ёй прадаставіць па месцы працы водпуск без захавання заработнай платы пры завочнай форме навучання, якое яна праходзіць без накіравання наймальніка.
Наступны званок паступіў ад кладаўшчыцы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Воранаўскага раёна. Жанчыну хвалявала, ці правамерна яе прыцягнулі да матэрыяльнай адказнасці з-за недастачы зерня.
Жыхар Слонімшчыны раёна звярнуўся на прафсаюзную прамую лінію, бо лічыць незаконным сваё звальненне з філіяла аднаго з прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна. Прафсаюзы будуць прадстаўляць яго інтарэсы ў судзе.
Работніца аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Слонімскага раёна патэлефанавала з пошукамі рашэння ў даволі тыповай на сёння сітуацыі: яна хоча скасаваць працоўныя ўзаемаадносіны па кантракце, наймальнік не пагаджаецца на гэта.
Па ўсіх пытаннях былі дадзены грунтоўныя адказы, а таксама растлумачаны розныя аспекты працоўнага заканадаўства.
У рамках прыёму Аляксандр Шышко правёў вучобу з калектывамі Дзятлаўскай ветэрынарнай станцыі і міжрайветлабараторыі.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga