Дзятлаўчане – у ліку лепшых аграрыяў вобласці

Важнае Улада

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023” і лепшых работнікаў аграпрамысловага комплексу вобласці прайшла на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Зэльвы.

Прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь хлебаробам Гродзеншчыны агучыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч.

Словы ўдзячнасці аграрыям вобласці адрасаваў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік:

– У гэтым годзе надвор’е чарговы раз выпрабоўвала вас на трываласць, і вы годна вытрымалі гэта выпрабаванне, даказаўшы, што ваш прафесіяналізм, любоў да сваёй работы, зямлі дазваляе атрымаць добры ўраджай, нягледзячы на ўсе фактары. Больш за 1 мільён 750 тысяч тон зерня з улікам рапсу сабралі аграрыі Гродзенскай вобласці, гэта амаль чвэрць рэспубліканскага каравая. Сярэдняя ўраджайнасць – 47 цэнтнераў з гектара – лепшая ў рэспубліцы. Вы яшчэ раз даказалі, што вы лепшыя. Гэта вынік гераічнай працы работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, спецыялістаў, кіраўнікоў. Але ён быў бы недасяжны, калі б мы ўсе разам не прыклалі намаганні да гэтай перамогі. У ёй аб’ядналіся каласальны вопыт ветэранаў з энергіяй і задорам маладосці. Мы разам, мы яшчэ раз даказалі, што сакрэт гродзенскай зямлі не ў нейкім асаблівым клімаце, не ў выдатным саставе глебы, а ў людзях, якія ўмеюць і любяць працаваць, прычым робяць гэта разам. Вы яшчэ раз пацвердзілі вернасць мудрасці: сабрацца разам – гэта пачатак, трымацца разам – гэта прагрэс, працаваць разам – гэта поспех. Сёння мы святкуем ваш поспех.

Выдатныя вынікі на “Жніве-2023” вадзіцеля аўтамабіля Сяргея Сямашкі былі адзначаны Падзякай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

За плённую выніковую работу ў сельскагаспадарчай галіне нашага раёна Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь узнагароджаны галоўны аграном СГФ “АграМілк” Андрэй Лежань.

За шматгадовую добрасумленную працу прафсаюзныя ўзнагароды атрымалі яшчэ два нашыя землякі. Граматай Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза аграпрамысловага комплексу адзначаны галоўны інжынер КСУП “Жукоўшчына” Іван Кіслы, пуцёўку ў прафсаюзны санаторый атрымаў трактарыст-машыніст КСУП “Хвінявічы” Анатоль Марук.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прадоўжылася святочнымі мерапрыемствамі: канцэртнай праграмай народных калектываў Ніжагародскай вобласці, выступленнем артыстаў і творчых калектываў Гродзеншчыны, танцавальнай праграмай “У стылі дыска” ад “Радыё “Брэст” і вячэрнім канцэртам зорак беларускай эстрады – Алёны Ланской, Вікторыі Алешка, Мікіты Фаміных, Ганны Трубяцкой і шоу-балета “Феерыя”.

У межах святочных мерапрыемстваў працавалі тэматычныя гандлёвая, музычная, творчая, дзіцячая, пляцоўка мужных і смелых і іншыя, а таксама пункты дэгустацыі ад перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці, фотавыставы і майстар-класы народных умельцаў.

Наталля АВЯРЧУК