З падзякі ад старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага за актыўны ўдзел у абласным свяце “Дажынкі-2023” у Зэльве ўсім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і прадставіў годна наш раён, пачалася традыцыйная нарада ў панядзелак.
Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што Дзятлаўшчына каларытна выдзялялася сваім падворкам з лаканічнай, насычанай экспазіцыяй ад сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў раёна, суправаджэннем культурнай праграмай, удзелам рамеснікаў. Увогуле ўсё было арганізавана на высокім узроўні.
Вынікі падведзены, работа прадаўжаецца
На бягучым тыдні аграрыям пастаўлена задача завяршыць уборку грачыхі. Кукурузу на сілас гаспадаркі закладваюць амаль па 5 тысяч тон у дзень. Крыху нізкаваты тэмп у КСУПаў “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”, ім настойліва рэкамендавана “падцягнуцца”. Гаспадаркі, якія займаюцца вырошчваннем бульбы, зараз у актыўнай фазе нарыхтоўкі. Ва ўсіх працуюць камбайны, дапамагаюць збіраць ураджай бульбы ўстановы адукацыі.
Надвор’е дазваляе працягваць сяўбу, убіраць цукровыя буракі, займацца звозкай саломы з палёў.
Напрыканцы месяца ўвага нададзена выплаце заработнай платы работнікам сельгаспрадпрыемстваў, пагашэнню запазычанасцяў.
На кантроль міліцыі пастаўлена захаванасць уласнасці ў АПК.
– У гэтым годзе дазволена выпісаць у гаспадарках бульбу, зерне – па прымальным кошце. Аднак кантроль неабходны, каб выключыць крадзяжы. На жаль, цяга “цягнуць” бывае ў некаторых людзей вельмі моцнай, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Асцярожна, дзіцячая пляцоўка!
Тэму бяспекі абсталявання на дзіцячых пляцоўках абмеркавалі ў час відэаканферэнцыі губернатара вобласці Уладзіміра Караніка, якая папярэднічала нарадзе. Андрэй Уладзіміравіч паставіў задачы і па раёне.
– Зразумела, што дзіцячыя вулічныя пляцоўкі на прадмет цэласнасці павінны абследавацца работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Графік – двойчы на год па такім абследаванні – на Дзятлаўшчыне выконваецца. Аднак, гэта ж комплексы, якія могуць быць пашкоджаны выпадкова ці наўмысна ўжо на другі дзень пасля кантрольнага праходу ЖКГ. Таму звяртаюся да жыхароў раёна, бацькоў, якія гуляюць з дзеткамі штодня на гэтых пляцоўках, паведамляць у камунальную службу, калі заўважыце паломку. Гэта дасць магчымасць аператыўна адрамантаваць арэлі або горку. Галоўнае – бяспека дзяцей, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Возера ў Казлоўшчыне чакае комплексная ачыстка
Як патлумачылі спецыялісты, возера ў гарпасёлку даўно патрабавала ачысткі. Прапрацоўваліся розныя яе варыянты, у тым ліку натуральным, біялагічным шляхам – з дапамогай зарыблення пэўнымі відамі рыб, якія б елі расліннасць. Аднак даследаванні паказалі, што такія меры не дадуць жаданых вынікаў, паколькі на дне ўтварыўся слой глею, вышыня якога на некаторых участках дасягае два метры і больш. Такі пласт негатыўна ўплывае на падсілкоўванне вадаёма з падземных ключоў і крыніц. Да таго ж вакол возера неабходна выдаліць дзікую расліннасць, зрабіць бяспечныя падыходы да вады. Прынята рашэнне – ачыстка Казлоўшчынскага вадасховішча механізаваным спосабам. Паколькі аб’ём работ досыць вялікі, ён падзелены на некалькі пускавых комплексаў. Першы будзе ажыццёўлены да канца гэтага года. Увогуле, кошт аб’екта складае амаль 500 тысяч рублёў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga