Дадатак “Мой горад”: прапанова для дзятлаўчан

Важнае Грамадства

У мэтах выканання Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” ў райвыканкаме прайшла нарада па пытанні падключэння Дзятлаўскага раёна да платформы “Мой горад”.

Яе правялі начальнік участка продажу  Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Аляксандр Сонец і начальнік Дзятлаўскага раённага вузла электрасувязі Уладзімір Фясяк.

Спецыялісты РУП “Белтэлекам” прадэманстравалі магчымасці паслугі “Мой горад” і растлумачылі ўсе аспекты рэалізацыі праекта.

Яго сутнасць заключаецца ў стварэнні мабільнага дадатку, у якім стане даступнай інфармацыя аб юрыдычных асобах і індывідуальных прадпрымальніках канкрэтнага горада па відах дзейнасці: адміністрацыя горада, турызм, грамадскае харчаванне, транспарт, гандаль, камунальныя службы, сфера паслуг і іншае. Карыстальнік у рэжыме рэальнага часу зможа заказаць тавар ці паслугу і адразу аплаціць, выклікаць аварыйную брыгаду, запісацца на прыём да спецыяліста або кіраўніка арганізацыі, забраніраваць столік у рэстаране або нумар у гасцініцы, запісацца на экскурсію, секцыю.

– Для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў горада праект цікавы ў якасці інструмента ўзаемадзеяння з людзьмі, – адзначыў Аляксандр Сонец. – Выкарыстоўваючы магчымасці дадатку “Мой горад”, можна публікаваць навіны, акцыі, праводзіць апытанні і анкетаванне. З дапамогай платформы “Мой горад” прадпрыемствы горада атрымліваюць дадатковы канал камунікацый са спажыўцамі, пашырэнне мэтавай аўдыторыі.

Для кожнага гараджаніна дадатак “Мой горад” павінен сэканоміць час на пошукі патрэбнай інфармацыі на розных сайтах, якую карыстальнік зможа ўбачыць у адным праграмным прадукце, у выніку спросціцца працэс узаемадзеяння паміж жыхарамі і гарадской інфраструктурай, павысіцца эфектыўнасць і хуткасць гэтага ўзаемадзеяння.

Пры выкарыстанні дадатку ў якасці канала камунікацый з карыстальнікамі будуць заключаны дагаворы аб аказанні паслугі “Мой горад”. На працягу 6 месяцаў з моманту публікацыі дадатку ў горадзе праходзіць прома-перыяд і размяшчэнне інфармацыі ў дадатку праводзіцца без збірання аплаты. У далейшым, кошт паслугі складзе 16 рублёў на месяц без уліку ПДВ 20 %.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga