БРСМ: захоўваючы традыцыі, будуем будучыню

Галоўнае Грамадства Падзеі

Адкрыты дыялог пад такой назвай прайшоў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Ён аб’яднаў прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія шчыра любяць родную краіну і пацвярджаюць свае пачуцці актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Мерапрыемства сабрала лідараў пярвічных арганізацый ГА “БРСМ” працоўных і вучнёўскіх калектываў Дзятлаўшчыны, у якасці запрошаных гасцей-экспертаў да дыялогу далучыліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка, ветэраны камсамольскага руху нашага раёна Яўгенія Савань і Галіна Чура.

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык павітала прысутных і зрабіла невялікі экскурс у гісторыю маладой арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якому сёлета споўніўся 21 год. Разам з тым, арганізацыя мае ў сваёй аснове грунтоўную гістарычную базу і традыцыі камсамольцаў, якія паспяхова прадаўжае. Кацярына Хілімончык расказала аб дзейнасці арганізацыі ў цяперашні час, якая звязана найперш з патрыятычным выхаваннем моладзі, а таксама развіццём спорту, культуры, ушанаваннем і падтрымкай маладых спецыялістаў, рэалізацыяй навуковых ініцыятываў у рамках праекта “100 ідэй для Беларусі”.

Кацярына Уладзіміраўна прапанавала гасцям узгадаць, якім было іх камсамольскае юнацтва. На гэта Аляксандр Бараноўскі заўважыў: знаходзіцца ў камсамольскай арганізацыі было так жа ганарова, як сёння быць членам БРСМ. Туды прымалі строга пасля здачы экзаменаў, але весела святкавалі ўсе падзеі разам, актыўна працавалі ў студатрадах на сацыялістычнай будоўлі па 6 дзён на тыдзень, а ўвечары дружна і адпачывалі.

– Нездарма БРСМ расшыфроўваецца таксама як “будучыню Радзімы ствараць маладым”. Многае сёння залежыць ад прагрэсіўнай моладзі нашай краіны, нашага раёна, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Я ўпэўнены, што вы дастойна справіцеся з місіяй, ускладзенай на вас.

Шаноўным ветэранам камсамола Галіне Чура і Яўгеніі Савань таксама было што ўзгадаць, чым падзяліцца з маладым пакаленнем. Яны расказалі пра вялікія партыйныя Усесаюзныя з’езды, дзе нязменна з захапленнем і павагай сустракалі беларусаў, творчыя праекты і мерапрыемствы, якія аб’ядноўвалі актыўную моладзь, традыцыі. Адна з іх, развітанне з піянерскім гальштукам, захавалася да нашых часоў.

Вольга Рагачова, як прадстаўніца новага пакалення запэўніла, што з такой творчай ініцыятыўнай моладдзю, як у нашым раёне, можна быць спакойнымі за будучыню роднай Беларусі.

– Багацце нацыі не ў рэсурсах, а ў маладых людзях, поўных ініцыятываў, здольных пісаць “біяграфію” сваёй краіны. Моладзь была і застаецца той сілай, якая рухае Радзіму да працвітання, – адзначыла яна.

Да дня нараджэння БРСМ Вольга Мікалаеўна ўручыла памятны падарунак калектыву раённага камітэта ГА “БРСМ” ад райкама ГА “Белая Русь”.

Кацярына Хілімончык падзякавала моладзі Дзятлаўшчыны за плённае супрацоўніцтва і ўручыла ўзнагароды лідарам моладзевага руху раёна – эканамісту КСУП “Войневічы” Вераніцы Ярош, педагогам-арганізатарам Гезгалаўскай, Дварэцкай,  Круцілавіцкай сярэдніх школ Наталлі Ліцкевіч, Віталію Іванашку, Ірыне Верамейка.

Музычныя падарункі для ўдзельнікаў адкрытага дыялогу падрыхтавалі артысты Іван Кашко, Чэслаў Свіб, Ала Чарняўская, Сяргей Малышчык і Таццяна Шостка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: