Вельмі часта ў службу “адно акно” райвыканкама фізічныя асобы звяртаюцца па пытанні прадастаўлення арэнднага жылля.
Працэдура падачы заявы на яго атрыманне складаная толькі на першы погляд. На практыцы ж грамадзяніну дастаткова звярнуцца ў службу толькі з дакументамі, якія сведчаць асобу ўсіх членаў сям’і, па адрасе: горад Дзятлава, вуліца Чырвонаармейская, дом 21 (уваход з тарца). Час работы – з 8.00 да 17.00, серада – з 8.00 да 20.00.
Спачатку фарміруецца спіс свабодных кватэраў, якія здаюцца ў арэнду, затым ён публікуецца на афіцыйным сайце Дзятлаўскага райвыканкама. Даведацца аб наяўнасці свабоднага арэнднага жылля можна па спасылцы “насельніцтву – жыллёвыя пытанні – інфармацыя аб наяўнасці незаселенага арэнднага жылля”. Пасля гэтага адводзіцца два тыдні для прыёму заяваў. Напісаць заяву могуць як людзі, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, так і не. Пасля падачы заявы супрацоўнікі службы “адно акно” запытваюць наступныя дакументы:
даведка (даведкі) аб займаемым у дадзеным населеным пункце жылым памяшканні і саставе сям’і;
даведка аб знаходжанні на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры – 1 месяц. Пасля вынясення рашэння грамадзянам паведамяць аб выніках разгляду, яны атрымаюць выпіску з рашэння на рукі або па пошце.
Рашэнне прымаецца зыходзячы з даты пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў: чым раней, тым вышэй шанцы атрымаць арэнднае жыллё. Калі няма заяваў ад чаргавікоў, арэнднае жыллё дадуць тым, хто не стаіць на ўліку, у парадку чарговасці паступлення заяваў.
Таксама ёсць некалькі катэгорый людзей, якія маюць першачарговае права на арэнднае жыллё. Дадзены Парадак растлумачаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2014 г. № 1297 “Аб прадастаўленні арэнднага жылля”.
Да іх адносяцца:
— суддзі, пракурорскія работнікі;
— маладыя спецыялісты, якія атрымалі адукацыю за кошт бюджэту і прыбылі па размеркаванні;
— ваеннаслужачыя, асобы радавога і начальніцкага саставу, якія праходзяць ваенную службу;
— работнікі пры прызначэнні на пасаду ў выпадку іх пераезду з іншага населенага пункта пры ўмове, што з ліку работнікаў у дадзеным населеным пункце для вакансіі няма раўнацэннай замены;
— грамадзяне, накіраваныя на работу ў арганізацыі ў адпаведнасці з дагаворам па падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі.
Да індывідуальнага хадайніцтва дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі запытваюць ва ўстаноўленым парадку і прыкладваюць наступныя дакументы:
даведка аб займаемым у дадзеным населеным пункце жылым памяшканні і саставе сям’і;
даведкі аб жылых памяшканнях у населеным пункце па месцы работы (службы), якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзяніна і членаў яго сям’і;
копіі дакумента аб адукацыі і працоўнага дагавора (кантракта) – маладых спецыялістаў;
копія працоўнага дагавора (кантракта) і абгрунтаванне прычын, якія пацягнулі прызначэнне на пасаду работніка з іншага населенага пункта;
Копіі дакументаў павінны быць засведчаны службовымі асобамі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія ўносяць індывідуальныя хадайніцтвы.
Для гэтых катэгорый выдзяляецца асобны спіс кватэр: у такім выпадку вырашальны фактар – чарговасць падачы хадайніцтва: хто першы падаў, той і атрымлівае арэнднае жыллё.
Станіслава ГАНЧАР,
галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама, кіраўнік службы “адно акно”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga