Па шчасце не ходзяць за мора

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гэта сапраўднае шчасце, калі ў цябе цудоўны муж, з якім жыццё праляцела, як адно імгненне, ва ўзаемаразуменні і радасці.

Гэта сапраўдная ўдача, калі ў цябе добрыя, уважлівыя, спагадлівыя дзеці і ўнукі, якія хочуць не проста павіншаваць і сказаць словы любові і ўдзячнасці, а зрабіць сюрпрыз, прынесці матулі хвіліны шчымлівага задавальнення. Гэта сапраўдны гонар за самога сябе і сваё жыццё, аддадзенае людзям, калі калегі і пацыенты ўспамінаюць цябе добрым словам, гавораць “малайчына”, “сапраўдны прафесіянал” услед, пасля твайго адыходу на заслужаны адпачынак. На заслужаны двойчы, бо пайшла ты не ў 55, а ў 72. І спраўлялася нараўне з маладымі, дзяжурыла начамі, “разрулівала” складаныя сітуацыі, клапацілася пра кожнага пацыента, над чыім жыццём навісала небяспека.

Гэта пра Зінаіду Багдзель – фельчара хуткай дапамогі Дзятлаўскай ЦРБ, працоўны стаж якой складае 52 гады, сёлета яна вырашыла пайсці на адпачынак.

Зіна Семянюк (у дзявоцтве) нарадзілася ў вёсцы Вяценеўка Слонімскага раёна, скончыла Слонімскае медвучылішча і была накіравана на першае месца работы ў Дзятлаўскую райбальніцу ў 1971 годзе. Была яна дзяўчынай працавітай, з моцнай сялянскай сям’і, тата ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, вярнуўся сапраўдным героем, на яго вайсковай гімнасцёрцы красаўся цэлы “іканастас” медалёў. Як было не апраўдаць даверу бацькі, не стаць майстрам сваёй справы? І Зіна старалася вучыцца, а потым працаваць і набірацца вопыту ў старэйшых калег, бо быць лепшай, умець усё, не баяцца новага – гэта асаблівасць яе натуры, а не самамэта. Таму заўсёды мела павагу ад калег і начальства, удзячнасць ад хворых. А яшчэ, мусіць, таму, што стаць медыкам марыла з дзяцінства, “ставіла” ўколы лялькам, “лячыла” вясковых сябровак. Калі ж дзіцячая мара здзяйсняецца, гэта найвялікшае шчасце на свеце.

– Колькі помню маму, яна заўсёды з вялікай спагадай ставілася да людзей, – расказвае яе дачка Марына. – Не лічылася з часам, не наракала, нікому не адмаўляла ў дапамозе. І нам заклала ў душу гэтыя якасці: любіць усіх людзей, незалежна ад пасады і месца працы, дапамагаць, дзяліцца, падстаўляць плячо. Відаць, таму ў нашай сям’і існуе пераемнасць пакаленняў, сфарміравалася дынастыя медыкаў. Мой брат Валерый – урач, загадчык уралагічнага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Гродна, старэйшы пляменнiк Яўген скончыў 5 курсаў Гродзенскага медунiверсiтэта і, каб набрацца вопыту, ужо працуе у брыгадзе хуткай дапамогi. Мама – незвычайны чалавек, яна пастаянна вучыцца новаму. Так, калі ўвялі праграмнае забеспячэнне на “хуткай” і трэба было асвойваць камп’ютар, яна не пайшла з работы, а паціху, крок за крокам навучылася карыстацца праграмай. І атрымалася гэта ў мамы не горш, чым у іншых, нягледзячы на тое, што ў яе ўзросце многія нават падыходзіць да камп’ютара баяцца. Зноў яна праявіла свой цвёрды характар і вернасць жыццёвым прынцыпам. Мы вельмі любім сваю мамачку, жадаем ёй сіл, здароўя і надалей быць для нас прыкладам ва ўсім.

Побач з Зінаідай Сяргееўнай вось ужо 51 год крочыць па жыцці яе любімы муж і аднадумец Уладзімір Баляслававіч. Пазнаёміліся яны, калі Зіна прыехала працаваць на Дзятлаўшчыну. Так больш ніколі не разлучаліся. Пражылі дружна, у працы, выгадавалі дваіх цудоўных дзяцей, далі ім адукацыю. І канешне, яднала іх па жыцці вялікае каханне і агульная справа, якая і сёння прымушае рухацца, заставацца актыўнымі, – гэта любоў да зямлі. Кожны дзень абое садзяцца на веласіпеды і едуць на дачу, у Ятвезь (на радзіму мужа), каб дагледзець свой участак, выпалаць, падкарміць агародныя расліны, сабраць ураджай. А калі шмат вырасце ўсяго і сабе ды дзецям будзе залішне, то з добрымі людзьмі падзеляцца. Так і жывуць у згодзе.

Дай ім Бог здароўя і радасці, доўгіх гадоў жыцця, няхай абавязкова дачакаюцца праўнукаў і прапраўнукаў, бо такімі людзьмі трымаецца наша беларуская зямля. Ды і па шчасце не ходзяць за мора, яно жыве ў нас саміх, толькі трэба гэта абавязкова зразумець.

Алена АБРАМЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga