Каб веласіпедыст не стаў пешаходам

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Выдатны транспартны сродак веласіпед: не трэба здаваць на вадзіцельскае пасведчанне, набываць паліва, садзіся – і круці педалі, тут табе і фізічныя практыкаванні, і прыгожыя краявіды, і адносна хуткая язда.

У мінулым годзе дзве жыхаркі нашага раёна прыехалі ў лес на “ціхае паляванне” і пакінулі свае веласіпеды каля дрэва. Праз дзве гадзіны жанчыны вырашылі вярнуцца дамоў. Якім жа было іх абурэнне, калі на знаёмай палянцы не знайшлі сваіх двухколавых транспартных сродкаў. Так, прыемнае баўленне часу абярнулася непрыемнымі наступствамі.

Уладальнікі веласіпедаў нярэдка забываюць аб мерах перасцярогі, з-за чаго з веласіпедыстаў даволі хутка і нечакана “пераўтвараюцца” ў пешаходаў.

Як расказала вядучы спецыяліст аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Алена Кухарчык, па статыстыцы ў цёплы сезон менавіта веласіпеды з’яўляюцца аднымі з найбольш частых аб’ектаў злачынных замахаў. Значная колькасць падобных крадзяжоў учыняецца ў цёмны час сутак або ў месцах, дзе малалюдна.

Каб не здаралася падобных праблем, міліцыя заклікае ўладальнікаў веласіпедаў праяўляць большую пільнасць: не пакідайце свой двухколавы транспарт без нагляду, калі ж даводзіцца гэта рабіць, выкарыстоўвайце для фіксацыі дарагія і якасныя тросы, а таксама не пакідайце на веласіпедах абсталяванне, якое лёгка зняць злодзею.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga