1 жніўня 60-годдзе ўтварэння адзначаюць беларускія студэнцкія атрады.
Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, занятасць – адзін з прыярытэтных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы, і важным яе складальнікам на працягу многіх гадоў у Беларусі з’яўляюцца студэнцкія атрады ГА “БРСМ”, якія заключаюць у сабе працоўную і выхаваўчую функцыі. Яны не проста даюць маладым людзям магчымасць зарабіць уласныя грошы, але і дазваляюць зарыентавацца прафесійна, атрымаць першыя працоўныя навыкі, дадатковую спецыяльнасць. Для многіх юнакоў і дзяўчат удзел у студатрадаўскім руху становіцца сапраўднай школай дарослага жыцця, вучыць ініцыятыўнасці, самастойнасці, каманднаму духу. Дзякуючы асабістай увазе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь менавіта ў нашай краіне, першай на постсавецкай прасторы, студатрады на дзяржаўным узроўні атрымалі заканадаўчую падтрымку і заваявалі аўтарытэт сярод моладзі. У наш час студатрадаўскі рух – адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці ГА “БРСМ”.
Кацярына Хілімончык расказала таксама, што ў дзень юбілейнай даты ў Гродне на пляцоўцы каля моладзевага цэнтра плануецца закласці памятную пліту “60 гадоў студэнцкім атрадам”.
А вось дзятлаўскія студатрадаўцы сустрэнуць свята на сваіх працоўных месцах. Цяпер на сушцы збожжа ў час уборачнай кампаніі два сельскагаспадарчыя моладзевыя атрады раёна працуюць у адкрытых акцыянерных таварыствах “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”. Гэтай вясной студатрадаўцы былі задзейнічаны ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” і Дзятлаўскім РУП ЖКГ, ужо завяршылася летняя змена ў моладзевых сельскагаспадарчых атрадах у КСУПах “Жукоўшчына”, “Войневічы”, “Хвінявічы”, дзе юныя памочнікі аграрыяў займаліся відавой праполкай. Восенню студатрадаўцы дапамогуць гаспадаркам яшчэ і на копцы бульбы.
Моладзевы лідар пажадала ўдзельнікам студатрадаўскага руху быць актыўнымі і ініцыятыўнымі, старанна працаваць і вучыцца, каб разам рабіць нашу родную Беларусь прыгожай, утульнай і паспяховай краінай.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі з архіва рэдакцыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga