“Спелыя, сакавітыя, вельмі карысныя” – не раз даводзілася бачыць таблічкі на прылаўках з садавіной і агароднінай на вялікіх рынках.
У нашым Дзятлаве нават такі маркетынгавы ход не патрэбны: гандлёвых кропак з сезонным таварам не надта шмат, і яны заўжды папулярныя. Яблыкі ды вішні і ў саміх у садзе ёсць, а вось свежыя дыньку, кавун або персік у сезон ну як не купіць? Калі не сабе, то дзецям.
Але і тут можа падсцерагаць непрыемны сюрпрыз, які нагадвае надзвычай папулярнае выслоўе: давярай, але правярай. І калі мы, абывацелі, можам ацаніць толькі таварны выгляд, пах і смак, спецыялісты бачаць глыбей. І знаходзяць праблему.
Дзятлаўскі райЦГЭ рэгулярна праводзіць “зрэзы” па праверцы харчовай прадукцыі, якая рэалізуецца ў раёне, у тым ліку на рынках. Жнівеньскае даследаванне паказала, што свежая дыня “Тарпеда” ўраджаю 2023 года, прывезеная з Туркестанскай вобласці Рэспублікі Казахстан, хоць і духмяная, сакавітая, але для людзей не карысная: утрыманне нітратаў у ёй перавышана больш чым у паўтара раза (пры норме да 90 мг/кг выяўлены паказчык 150 мг/кг).
Зразумела, што такую прадукцыю набываць не рэкамендуецца, а прадаваць – забараняецца. А што рабіць, калі ўжо з’еў дыньку? Асцерагацца за сваё здароўе? На гэтыя пытанні адказала памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Аксана Луня:
– Калі дыня “нашпігавана” нітратамі, гэта ўяўляе рэальную пагрозу здароўю чалавека. Нітраты – арганічныя злучэнні, якія пры вялікіх канцэнтрацыях могуць выклікаць атручэнне. Пры трапленні ў арганізм яны здольны ператвараць гемаглабін у метгемаглабін, які блакуе транспарт кіслароду да тканак. У выніку ўзнікае кіслароднае галаданне, пакутуюць сэрца, мозг і іншыя органы. Атручванне нітратамі можа прывесці да смерці, калі своечасова не аказаць дапамогу. Асабліва адчувальныя да нітратных злучэнняў дзеці да аднаго года, бо ў гэтым узросце недастаткова ферментаў, каб пераўтварыць метгемаглабін назад у гемаглабін.
Адным словам, ёсць чаго перасцерагацца, а магчыма, лішні раз праверыць.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga