Дзятлаўшчыну наведала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Тамара Стасевіч, каб павіншаваць аграрыяў з заканчэннем уборачнай кампаніі.
Разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Казаком яна завітала ў КСУП “Хвінявічы”, каб асабіста падзякаваць за значны ўклад у нацыянальны каравай. Тамара Іосіфаўна ўручыла грашовыя сертыфікаты экіпажу камбайна, які паказаў добрыя вынікі на сёлетнім жніве – старшаму камбайнеру Анатолю Маруку і камбайнеру Мікалаю Жынко. Яны сталі лепшымі ў падгрупе камбайнаў “Ліда-1300”.
– Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці вам, паважаныя хлебаробы, за тое, што ў беларусаў круглы год ёсць хлеб на стале. А калі ёсць хлеб – ёсць і жыццё, – звярнулася да іх прафсаюзны лідар. – Хачу пажадаць вам высокіх вынікаў у працы, надзейнай тэхнікі, няхай вам заўжды спрыяе ўдача, не падводзіць здароўе і быў пазітыўны настрой. Заўсёды толькі наперад!
Анатоль Марук у сельскай гаспадарцы 33 гады, ужо 23-і год – нязменна за рулём сваёй “Ліды”. Папрацаваў на ўборцы пшаніцы, жыта, аўсу, трыцікале – усіх збожжавых культур, якія выгадавала гаспадарка. Затым дапамагаў мясцоваму насельніцтву малаціць ураджай на прысядзібных участках. Ён расказаў, як прайшоў гэты няпросты для аграрыяў сезон.
– Тэхніка не падвяла, спрацавалі без паломак. З-за дажджу часам даводзілася пачынаць малаціць ажно з абеду, але ўсё паспелі своечасова, ад іншых не адсталі, – кажа Анатоль Яўгенавіч.
– Кіраўніцтва гаспадаркі не прапаноўвала перасесці на сучасны, больш магутны і камфартабельны камбайн?
– Прапаноўвала, але я адмовіўся. Прывык да сваёй тэхнікі, як да любімай жонкі, на іншую не прамяняю.
Галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Кугейка расказаў гасцям, што хоць жніво завершана і збожжа дапрацавана, работы ў аграрыяў яшчэ шмат – актыўна ідзе прасаванне лёну і пасяўная, наперадзе малацьба проса, уборка бульбы, кукурузы, нарыхтоўка кармоў, каб забяспечыць дастойную зімоўку жывёлам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga