У свае шаноўныя 87 гэтага прынцыпу цвёрда прытрымліваецца наш зямляк з вёскі Хрольчыцы Іосіф Ціхановіч, які ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы і амаль 40 гадоў адпрацаваў брыгадзірам раслінаводчага ўчастка тагачаснага калгаса “Беларусь”, землі якога цяпер знаходзяцца ў саставе ААТ “Граніт-Агра”.
Зладзіць візіт увагі на сядзібу Іосіфа Сцяпанавіча, дзе ён жыве з жонкай Рэгінай Іпалітаўнай і дачкой Галінай, якая прыехала на малую радзіму даглядаць бацькоў, прапанавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых.
Дом Ціхановічаў вабіць дагледжанасцю, на ўчастку ёсць і акуратны агарод, і пладовыя дрэвы, і шмат прыгожых кветак. Адразу відаць, што гаспадары тут жывуць дбайныя, у чым мы яшчэ больш упэўніліся, заспеўшы Іосіфа Сцяпанавіча за работай. Доўгажыхар пілаваў галіны слівы, якія зламаў вецер.
– Вось стараюся рухацца пакрыху, працаваць, – патлумачыў ён, вітаючыся.
Пакуль ішлі да дома, падзівіліся яшчэ і на ўдалыя памідорныя грады, дзе на высокіх кусціках таматы вісяць гронкамі, нібы вялікі вінаград.
– Гэта ўжо “вотчына” дачкі Галіны, – расказаў Іосіф Ціхановіч. – Яна ў нас займаецца агародам і кветкамі, а я больш па мужчынскай частцы ды яшчэ даглядаю пчол – на заднім двары ёсць вуллі.
Пра тое, што Іосіф Сцяпанавіч размяняў ужо дзявяты дзясятак, нагадваюць маршчынкі на яго твары, спрацаваныя вузлаватыя рукі ды стомленыя вочы, якія час ад часу слязяцца.
Усё нялёгкае жыццё нашага земляка прайшло тут, у Хрольчыцах. Сям’я Ціхановічаў пераехала ў гэту вёску з Нямковічаў, набыўшы ў далёкім 1939 годзе надзел зямлі, які гаспадары прадавалі за бясцэнак, ад’язджаючы за мяжу з тагачаснай Заходняй Беларусі, дзе станавілася неспакойна.
Іосіф Ціхановіч і сёння любіць паўтараць калісьці пачуты мудры выраз, у якім, можна сказаць, сканцэнтравана яго жыццёвае крэда: “На зямлю гаспадар патрэбен. Калі яе не любіць, то і яна цябе не палюбіць”.
Сваю любоў да роднай зямелькі Іосіф Сцяпанавіч заўжды даказваў самаадданай працай. Брыгадзірам у калгас яго паклікалі яшчэ 19-гадовым юнаком. Як удавалася спраўляцца, не ведае і сам. Проста шчыраваў з 5 гадзін раніцы дацямна, не лічыўся з вольным часам, сачыў за тым, каб і падначаленыя ўсе работы выконвалі дасканала і своечасова. Старанні былі высока ацэнены кіраўніцтвам: Іосіф Ціхановіч узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны” і двума медалямі “За працоўную доблесць”. А вось прамудрасці прафесіі яму давялося вывучаць непасрэдна на працоўным участку, бо ў дзяцінстве скончыў толькі 5 класаў, значна пазней былі школа працоўнай моладзі і Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Затое веды дапамаглі спасцігнуць культуру земляробства і атрымліваць на давераных палетках у сярэднім па 40, а пры лепшым раскладзе і да 50-і цэнтнераў з гектара.
У Іосіфа Сцяпанавіча і сёння нераўнадушныя адносіны да сельскіх клопатаў, ён пастаянна прыглядаецца, як урадзілі розныя культуры на палях мясцовага акцыянернага таварыства, сочыць і ў жыцці, і па тэлевізары, як аграрыі спраўляюцца з сезоннымі работамі. Дома ж абавязкова садзіць бульбу, а для пчолаў, каб збіралі смачны мёд, сее грэчку.
Вельмі радуе, што ў такім шаноўным узросце наш зямляк вядзе актыўны і нераўнадушны лад жыцця. Як мудры і дбайны гаспадар, Іосіф Ціхановіч жадае маладому пакаленню работнікаў весці здаровы, без шкодных звычак, лад жыцця, прыслухоўвацца да парадаў старэйшых, заставацца годнымі людзьмі, любіць сваю старонку і працаваць дзеля яе дабрабыту.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga