Зручныя, прыгожыя, а галоўнае – бяспечныя

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Людзі, якія ў поўнай меры могуць ацаніць работу дарожнікаў, – гэта аўтамабілісты.

Таму, каб зразумець, наколькі шмат робіцца па ўтрыманні і рамонце аўтадарог раёна, адпраўляемся ў невялікае падарожжа на аўтамабілі па аб’ектах рамонту разам з начальнікам ДРБУ-119 Дзмітрыем Мазалём.

– Лета – самая “гарачая” пара для правядзення дарожных работ, – адразу ўводзіць у курс справы Дзмітрый Мікалаевіч. – Аднак ужо цяпер зроблена шмат: за першае паўгоддзе мы асвоілі 2016,2 тысячы рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, выдзеленых па нацыянальнай праграме “Дарогі Беларусі”. Таксама выступілі падрадчыкам у Дзятлаўскага РУП ЖКГ на асфальтаванні вуліц у населеных пунктах раёна.

Першы пункт маршруту – аўтадарога Карэлічы – Валеўка – Наваельня, дзе напрыканцы  красавіка быў абноўленая ўчастак працягласцю 2250 метраў: ад скрыжавання  ў напрамку Круцілавічаў i Наваельнi. Паверх зношанага, не раз залатанага дарожнага пакрыцця заклалі ахоўны і выраўноўваючы слаі асфальту, адсыпалі ўзбочыны, устанавілі новыя дарожныя знакі, выканалі комплекс дарожных работ. Мясцовыя жыхары і госці раёна ўжо ацанілі станоўчыя перамены і эстэтыку аўтамабільнай дарогі.

Акурат цяпер работы вядуцца на іншым яе ўчастку – з 37,1 па 39,6 кіламетр. Тут ужо была праведзена паверхневая апрацоўка, якая павінна спыніць першыя прыкметы разбурэння пакрыцця аўтадарогі і падоўжыць тэрмін яе службы.

– Працэдура “запячатвання” асфальтавага пакрыцця праводзіцца ў некалькі ступеняў: разліваецца бітумная эмульсія, пакрыцце праезжай часткi дарогi пасыпаецца шчэбенем і закатваецца тэхнікай, – пасвячае ў нюансы справы Дзмітрый Мікалаевіч. – Гэты вельмі эфектыўны метад можна выкарыстоўваць тады, калі яшчэ не патрабуецца ямачны рамонт. Плануем і ў далейшым яго актыўна выкарыстоўваць і нарошчваць аб’ёмы.

На гэтым участку аўтадарогі былі заменены два аўтобусныя прыпынкі, дзве пасадачныя пляцоўкі, аўтапавільён у вёсцы Стараельня, паблізу ад якой цяпер працуюць дзве брыгады ДРБУ-119 пад кіраўніцтвам майстроў Паўла Сіневіча і Мiкалая Крупiцы на ўчастку дарогі з высокім насыпам над водапрапускной трубой праводзяць устаноўку 30 метраў бар’ернай агароджы на ўзбочынах па абодва бакі ад дарогі для бяспечнага руху.

Таксама быў праведзены бягучы рамонт невялікага (менш за кіламетр), але стратэгічна важнага ўчастка аўтадарогі Дварэц – Малая Палонка – Цяцейкі – Старына, які вядзе да Дварэцкага льнозавода. Рашэнне аб замене дарожнага пакрыцця было прынята камісійна: ямачны рамонт дасягнуў вялікай плошчы і быў далей немэтазгодны. Цяпер усе няроўнасці – толькі ўспамін, пахаваны пад сямісантыметровым слоем асфальту. Зручна, своечасова, важна як для мясцовых жыхароў, так і для прадпрыемства.

“Там, дзе векавы ляжаў пыл, свой след пакінуў аўтамабіль”, – хочацца сказаць словамі з песні ВІА “Вясёлыя рабяты” пры выглядзе новай асфальтавай дарогі праз вёску Малдуці працягласцю 1,6 кіламетра. Уздоўж некалі гравійнай, а цяпер роўнай асфальтаванай дарогі размешчаны каля 20 дамоў мясцовых жыхароў і дачнікаў. Месца папулярнае, бойкае, новая дарога прыйшлася вельмі дарэчы. Тут выраўнялі дарожнае пакрыццё асновай з гравійна-пясчанай сумесі і паклалі з асфальтабетону таўшчынёй 5 сантыметраў. У дадзеным выпадку аднаго слоя асфальту дастаткова, бо дарога закрыта для руху грузавога транспарту.

– Жыхарам населеных пунктаў, дзе на змену гравійнай аўтадарозе прыйшоў асфальт, мабыць, ужо і ўзгадаць складана, як гэта было раней, – адзначае начальнік ДРБУ-119. – Гэта прагрэс, камфорт. Хочацца, каб такіх дарог было больш.

Дзмітрый Мазоль раскрывае сакрэт: на 2024 год пры наяўнасці фінансавання запланавана асфальтаванне яшчэ адной з такіх дарог каля вёскі Явар.

Таксама на кожным з аб’ектаў бягучага рамонту і не толькі на іх абавязкова праводзіцца прачыстка рэчышчаў труб, тынкоўка, рамонт сколаў і іншыя “касметычныя” працэдуры з заменай дарожных знакаў. Акрамя таго, бесперапынна ідуць работы па доглядзе аўтамабільных дарог раёна: на сёння фактычна выкананы 81 % ад гадавога плана. З  ранняй вясны аж да ліпеня практычна штодзень праводзіўся ямачны рамонт аўтадарог, якія зараз прыведзены ў добры стан. Дзе спатрэбіцца, такая працэдура будзе паўтарацца перад асенне-зімовым перыядам.

Вуліцы ў населеных пунктах – “сфера ўплыву” камунальных службаў і сельвыканкамаў. Аднак сёлета ДРБУ-119 выступіла падрыдчыкам і кансультантам у пытаннях, якую дарожную “вопратку” прымяніць у тым ці іншым выпадку. У гарпасёлку Наваельня былі закладзены два ўчасткі асфальтабетоннага пакрыцця ў раёне касцёла. У Дзятлаве – асфальтавана вуліца Гагарына, дзе дарожнікі паклалі выраўноўваючы слой з порыстай сумесі і фінішны – са шчыльнага асфальтабетону.

2023 год, які толькі перайшоў зеніт, у дарожнікаў распісаны літаральна па гадзінах. Прадаўжаюцца работы па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця на аўтадарозе Дзятлава – Разважжа – Хвінявічы, якія плануецца завяршыць у жніўні, затым абнавіць яшчэ адзін участак гэтай трасы. Сёлета бягучы рамонт пройдзе таксама на аўтадарозе Погіры – Жукоўшчына – Каршакі, а ў Казлоўшчыне з’явіцца новая пешаходная дарожка.

У канцы паездкі і размовы прашу Дзмітрыя Мікалаевіча ацаніць стан аўтамабільных дарог Дзятлаўшчыны.

– Пра гэта лепш скажуць дзятлаўчане і госці раёна, для іх камфорту мы працуем, – кажа ён. – Мы робім усё магчымае, каб аўтамабільныя дарогі  Дзятлаўшчыны былі зручнымі, прыгожымі, а галоўнае – бяспечнымі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga