Ведае ўчастковы. Калі хочаш дапамагчы міліцыі

Важнае Здарэнні і бяспека

Пытанне: як быць тым, хто жадае добраахвотна ўдзельнічаць у ахове правапарадку?

Адказвае ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Мікіта Балтрукевіч:

– Калі вы маеце жаданне ўдзельнічаць у ахове правапарадку, можаце ўступіць у рады добраахвотнай дружыны. Дружыннікамі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, здольныя па сваіх дзелавых і маральных якасцях, стане здароўя ажыццяўляць дзейнасць па ўдзеле ў ахове правапарадку. Пасля звароту ў райаддзел міліцыі і асабістай гутаркі грамадзяніна правераць па ўліках і базах даных, ці адпавядае ён гэтым патрабаванням. Да прыкладу, членамі добраахвотнай дружыны не могуць быць грамадзяне, якія маюць судзімасць, стаяць на ўліку ў лячэбна-прафілактычных арганізацыях з-за псіхічнага захворвання, наркаманіі або алкагалізму, прызнаныя рашэннем суда недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі,  якія прыцягваліся на працягу года да дня падачы заявы да адміністрацыйнай адказнасці (у прыватнасці, за парушэнне грамадскага парадку). Калі падобных перашкодаў няма, чалавек атрымлівае пасведчанне і разам з супрацоўнікамі міліцыі прыступае да “нясення службы”.

На сёння дружыннікі дапамагаюць міліцыі ахоўваць грамадскі парадак у час футбольных матчаў, святочных і іншых масавых мерапрыемстваў. Пастаянныя добраахвотныя дружыны працуюць пры Дзятлаўскіх ЖКГ і лясгасе, ва ўсіх сельскіх саветах раёна.

Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю па вызначаным пытанні або па іншых, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў, вы можаце звярнуцца непасрэдна ў АУС Дзятлаўскага райвыканкама, або на прыём да ўчастковага інспектара міліцыі штотыдзень па серадах: у сельскай мясцовасці з 10.00 да 13.00, у горадзе з 17.00 да 20.00.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga