У райвыканкаме. Арыенцір – на больш цеснае ўзаемадзеянне

Важнае Улада

28 чэрвеня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прайшло пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта з удзелам старшага пракурора аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі пракуратуры Гродзенскай вобласці Жанны Баршчэўскай, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

На парадку дня стаялі два пытанні, першым з якіх было – “Аб прымаемых у раёне мерах, скіраваных на прафілактыку безнагляднасці, правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі сярод непаўналетніх, абарону іх правоў і законных інтарэсаў”.

Як адзначыў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі, у цэлым на Дзятлаўшчыне склалася станоўчая тэндэнцыя па рабоце ў падлеткавым асяроддзі, і ўдзельная вага злачынстваў сярод непаўналетніх ніжэйшая за абласны паказчык, аднак апошнія здарэнні тычыліся чалавечых жыццяў, што ні з чым непараўнальна.

Больш падрабязна аб сітуацыі расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан. Адзначыла, што дзейнасць органаў прафілактыкі ў сферы аналізуецца і каардынуецца камісіяй па справах непаўналетніх і каардынацыйным саветам райвыканкама па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18.

20 ліпеня раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа на непаўналетняга, 2007 года нараджэння, па факце забойства знаёмага ў час канфлікту ў стане алкагольнага ап’янення пасля сумеснага распіцця.

11 непаўналетніх, у тым ліку да дасягнення ўзросту адказнасці, разгледжаны на працягу 6 месяцаў бягучага года за 12 адміністрацыйных правапарушэнняў, 5 з якіх былі парушэннямі антыалкагольнага заканадаўства. У дачыненні да трох спынена комплексная рэабілітацыя (2 – па дасягненні паўналецця, 1 – па заканчэнні тэрміну рэалізацыі праграмы), паўторна разгледжаных за ўжыванне на працягу года алкаголю не было. У доктара-нарколага на ўліку знаходзяцца 11 непаўналетніх, з іх 9 – у групе кантролю. Інспекцыяй па справах непаўналетніх АУС райвыканкама ў справаздачны перыяд пачата індывідуальная прафілактычная работа з 17 падлеткамі, з 10 – спынена.

Абвастрылася праблема забеспячэння палавой недатыкальнасці непаўналетніх: узбуджаны 3 крымінальныя справы за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетніх і 2-е – за згвалтаванне заведама малалетняй, таксама ўстаноўлены факт незаконных дзеянняў (палавая сувязь з равеснікам) супраць палавой недатыкальнасці ў дачыненні да непаўналетняй, якая засталася без апекі бацькоў і выхоўваецца ў прыёмнай сям’і. Пракуратурай раёна ў чэрвені 2023 года ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, скіраванага на забеспячэнне палавой недатыкальнасці непаўналетніх, па выніках якога да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты спецыялісты службаў прафілактыкі.

На 1 ліпеня ў раёне ў сацыяльна ненадзейным становішчы прызнаны 109 непаўналетніх з 43 сем’яў (на 1 студзеня было 94 з 37). У аддзел адукацыі райвыканкама паступіла 45 інфармацый аб знаходжанні 84 дзяцей у неспрыяльнай абстаноўцы, па ўсіх праведзены сацыяльныя расследаванні. За 6 месяцаў каардынацыйным саветам у сацыяльна ненадзейным становішчы прызнаны 38 непаўналетніх з 24 сем’яў, асноўная прычына – алкагалізацыя бацькоў і прыцягненне іх да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні. У І паўгоддзі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны 9 непаўналетніх з 5 сем’яў, за гэты ж перыяд у 5 біялагічных сем’яў вернуты 11 раней адабраных дзяцей – 91,6 %. Сёлета пазбаўлены бацькоўскіх правоў на 1 дзіця адзін з бацькоў, годам раней – 8 бацькоў на 8 дзяцей (4 сям’і). У правах на 2 дзяцей адноўлена адна маці. Станоўчым вынікам паспрыяла мэтанакіраваная прафілактычная работа і своечасовае выяўленне недабрабыту. Сістэмна вядзецца работа па суправаджэнні сем’яў, куды вернуты дзеці, на 1 ліпеня іх было 10. Разам з тым не ў поўнай меры задзейнічаны рэсурсы суб’ектаў прафілактыкі пры забеспячэнні абароны жыцця і здароўя дзяцей: у чэрвені непаўналетняй, 2010 года нараджэння, якая засталася без папячэння бацькоў з-за пазбаўлення іх правоў, учынены суіцыд.

– Па выніках службовай праверкі па гэтым факце да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты спецыялісты службаў прафілактыкі. Аналіз праведзенай работы сведчыць, што, нягледзячы на станоўчыя вынікі, па шэрагу кірункаў неабходна карэкціроўка мераў, выкананне распрацаваных алгарытмаў работы, – адзначыў Андрэй Садоўскі

Аб прафілактычнай рабоце педагогаў раёна з дзецьмі і іх бацькамі, абароне правоў непаўналетніх расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Адзначыла, што ў раёне ёсць і вырашаецца праблема наяўнасці педагогаў-псіхолагаў, варта ўзмацняць ролю класных кіраўнікоў ва ўзаемадзеянні з соцыумам. Анансавала яна і раённы прафілактычны праект “Ад усвядомленага ўчынку – да ўсвядомленай адказнасці”, які мяркуецца запусціць з 1 верасня ў школах.

З другім пытаннем парадку дня, аб выкананні ўстаноўленых заданняў па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі раёна ў І паўгоддзі, прысутных азнаёміў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. Зазначыў, што гэтыя заданні даведзены рашэннем райвыканкама ад 28 лютага 2023 года  № 110, прынятым у адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Аператарамі па зборы вызначаны РУП ЖКГ і Дзятлаўскі філіял аблспажыўтаварыства, у раёне функцыянуюць 8 прыёмных пунктаў, з рэжымам работы якіх можна азнаёміцца на сайце райвыканкама. Жыхарам раздадзены 1935 кантэйнераў для раздзельнага збору ДМР. За 6 месяцаў усяго сабрана 639,34 тоны ДМР – 88,8 % задання І паўгоддзя пры плане 720 тон, а гадавое складае 1440 тон. З 6 заданняў за паўгоддзе выканана 3. Некаторымі кіраўнікамі не прыняты дзейсныя меры па планамернай нарыхтоўцы, таксама сярод складанасцяў пры выкананні заданняў – нерэалізаваная ў неабходных маштабах мадэль раздзельнага збору; невыкананне насельніцтвам патрабавання па сартаванні цвёрдых адходаў; недастатковая тлумачальная работа; адсутнасць у раёне станцыі сартавання.

Напрыканцы сваё заключэнне зрабіла Жанна Баршчэўская:

– Вынікі работы з непаўналетнімі апошнім часам “перакрэслены” некалькімі надзвычайнымі падзеямі і, у першую чаргу, паўстала пытанне забеспячэння аховы жыцця дзяцей. Акцэнтаваць увагу неабходна на прадстаўленні пракурора раёна па пытанні знаходжання непаўналетніх на патэнцыяльна небяспечных аб’ектах, а на Дзятлаўшчыне іх нямала, таму ўласнікі павінны ўхіліць туды доступ, а райвыканкам і адпаведныя службы – пракантраляваць. Узмацніць увагу трэба і на індывідуальнай прафілактычнай рабоце з дзецьмі, якія ўчынілі правапарушэнні да ўзросту адказнасці, забяспечыць належны парадак і кантроль у месцах масавага адпачынку моладзі, а на дыскатэцы – сачыць за прапускным рэжымам. Не менш важна своечасова выяўляць непаўналетніх, якія жывуць ва ўмовах сямейнага недабрабыту, каб работа з сем’ямі была больш эфектыўнай. Не спрацоўвае ў некаторых выпадках і сістэма ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі і адказных службаў раёна ў плане паступлення інфармацыі аб напрамках прафілактыкі, на якія варта скіраваць галоўную ўвагу, а таму важна, каб прынятыя цяпер рашэнні паспрыялі далейшаму вырашэнню акрэсленых праблем.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga