Не маем права забыць. Патрыятычны сплаў на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Улада

Напярэдадні  79-й гадавіны вызвалення горада Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшла акцыя, прысвечаная гэтай падзеі і Году міру і стварэння.

У ёй прыняў удзел працоўны калектыў райвыканкама на чале са старшынёй Андрэем Садоўскім, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Удзельнікі мерапрыемства наведалі месцы, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі памяць загінулых землякоў, усклалі кветкі да помнікаў, а затым сплавіліся на байдарках па рацэ Шчара.

Першым пунктам маршруту стаў помнік загінулым чырвонаармейцам паблізу вёскі Кляшчы, дзе невялікі атрад пад кіраўніцтвам Міхаіла Лебедзева ў 1941 годзе прыняў няроўны бой з фашыстамі, абараняючы падыходы да горада Дзятлава. Астанкі загінулых герояў былі перапахаваны каля абеліска Славы, на месцы бою ўсталяваны памятны знак.

Затым экскурсавод Алена Абрамчык і старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка нагадалі прысутным трагічную гісторыю вёскі Вялікая Воля, якая тройчы трапляла пад карніцкія аперацыі і нарэшце была знішчана цалкам разам з жыхарамі, успаміны відавочцы, які выжыў і данёс гэты аповед да сучаснікаў. Праз дарогу ад гэтага помніка, да якога ў знак смутку і пашаны ўсклалі кветкі ўдзельнікі акцыі, на месцы расстрэлу мірных жыхароў Дзятлаўскі лясгас устанавіў драўляную кампазіцыю, якая нагадвае аб трагедыі.

Гісторыя Трахімавічаў – яшчэ адна незагойная рана на целе дзятлаўскай зямлі. Тут былі расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 142  мірныя жыхары (па ўдакладненых звестках – 150 чалавек). Быццам адушаўлёны, помнік, выразна перадае ўвесь боль і горыч ваеннага ліхалецця, ён быў устаноўлены тут у 90-я гады мінулага стагоддзя. Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка расказаў, што тыя жудасныя падзеі дагэтуль жывуць у памяці людзей, а месца ўшаноўваецца мясцовымі жыхарамі і школьнікамі. Для ўсіх, хто захоча падрабязней даведацца пра падзеі, звязаныя з гэтымі месцамі, устаноўлены інфармацыйныя таблічкі з QR-кодамі.

Прысутныя ўсклалі кветкі да помнікаў і прыбылі да вёскі Чарлёнка, адкуль стартаваў сплаў на байдарках. Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда правёў інструктаж па тэхніцы бяспекі, пажадаў добрай дарогі і новых уражанняў.

Стартавалі 12 экіпажаў, якія прайшлі водным шляхам па тэрыторыі Дзятлаўскага раёна і фінішавалі ў вёсцы Малая Воля – яшчэ адным знакавым месцы ў трагічнай гісторыі нашай малой радзімы.

Таксама памятныя мерапрыемствы да гадавіны вызвалення горада Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшлі з удзелам грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, навучэнцаў раёна каля помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: