3 ліпеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адбылася ўрачыстая імша з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага.
У час яе вернікі памаліліся за Беларусь, яе незалежнасць і родны горад, які святкуе сваё 525-годдзе. Прасілі ў Пана Бога згоды, міру і дабрабыту для землякоў і суайчыннікаў.
На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Андрэем Садоўскім.
За шматгадовае служэнне, унёсак у мір і духоўнае выхаванне Андрэй Уладзіміравіч уручыў ксяндзу-пробашчу Здзіславу Пікуле Падзячны ліст. У сваю чаргу святар падарыў кіраўніку раёна ікону Пана Езуса.
У гэты ж дзень на вуліцы Фрунзэ быў асвечаны новы крыж, які будзе ахоўваць і аберагаць Дзятлава і яго жыхароў.
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga