Мой слаўны горад, Дзятлава маё,
Над небам сінім, поўнае мілосці,
Красуешся на бацькаўскай зямлі,
Купаешся ў летніх цёплых росах.
І светлым ранкам, і на сходзе дня
Няма мілейшай для мяне старонкі,
Чым тая бласлаўлёная зямля,
Дзе Моўчадзь льецца радасна і звонка,
Дзе ветразямі чаплі над вадой
Вітаюць дзень і стромы бор сасновы,
Дзе кожнае імгненне – дар нябёс,
Дзе нарадзіцца хочацца нанова.
Стагоддзямі стаіш ты на зямлі,
Нязломны, непакораны, адзіны,
Віхуры часу не перамаглі,
У войнах і пажарах не загінуў.
Мой горад родны, слаўны юбіляр,
Гады лічыць з табою мы не будзем,
Ты малады заўсёды для мяне,
Цябе дабром і працай славяць людзі,
Жадаюць шчасця, міру, светлых дзён,
Вяршыняў новых, велічных здзяйсненняў.
Шчаслівы будзь, мой горад, у вяках,
Будзь родным домам сотням пакаленняў!
Алена АБРАМЧЫК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga