Сёлетняя ўборачная кампанія – сапраўдная бітва за ўраджай, змаганне з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.
У ААТ “Граніт-Агра” ў разгары ўборка рапсу, аграрыі гаспадаркі ў любы момант гатовы прыступіць да збору яравых зерневых культур.
Пастаянна трымае руку на пульсе дырэктар таварыства Станіслаў Мазур. Ужо ўбралі азімы ячмень на плошчы 50 гектараў, 50 % рапсу (354 гектары). Нягледзячы на пераменлівую вільготнасць, пачалі выбарачна жаць яравы ячмень, пасяўныя плошчы якога займаюць 900 гектараў.
– Усе ў рэжыме чакання, “ловім” кожную хвіліну без дажджу, выходзім у поле, убіраем спелае, каб даць нагрузку збожжасушыльным комплексам. Трэба паспець своечасова сабраць ураджай, прыбраць салому, падрыхтаваць глебу да сяўбы азімага рапсу, – расказвае Станіслаў Станіслававіч. – Пакуль стрымліваюць умовы надвор’я, як толькі яны палепшацца, плануем нарошчваць тэмпы ўборкі. Таксама ні на дзень не спыняецца нарыхтоўка кармоў.
На палетках ААТ “Граніт-Агра” працуюць 15 збожжаўборачных камбайнаў, апошні з іх, КЗС-1218 вытворчасці “Гомсельмаш”, гаспадарка атрымала зусім нядаўна. Ключы ад новенькай тэхнікі ўручылі механізатару Алегу Грыбу, які не першы год працуе на жніве.
Нягледзячы на напружаныя працоўныя будні ў летні перыяд, у сельскай гаспадарцы ёсць нагоды для адметных падзей. Адной з іх стала юбілейная, дзясятая ўборачная кампанія за рулём камбайна Андрэя Літвінскага. Павіншаваць яго з гэтай датай, уручыць Падзяку Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама памятны падарунак прыехаў старшыня грамадскай арганізацыі Уладзімір Казак. Ён пажадаў камбайнеру высокіх дасягненняў на жніве.
Таксама ў гэты дзень віншаванні ад прафсаюза АПК прымаў галоўны інжынер ААТ “Граніт-Агра” Андрэй Падліпскі, які днямі адзначыў свой юбілей.
Гісторыю таго, як Андрэй Літвінскі стаў камбайнерам, добра помніць не толькі ён сам, але і кіраўніцтва гаспадаркі.
– Усё пачыналася 9 гадоў таму на полі каля вёсак Ахонава і Боцкавічы, дзе Андрэй Леанідавіч прасаваў салому, – узгадвае Андрэй Падліпскі. – Акурат тады гаспадарка атрымала новы збожжаўборачны камбайн, працаваць на якім прапанавалі маладому перспектыўнаму механізатару. З таго часу мінула нямала ўборачных кампаній, на працягу якіх ён нязменна паказваў дастойныя вынікі: заўсёды ў тысячніках і прызёрах моладзевага спаборніцтва.
Сам Андрэй Літвінскі родам з Таркачоў. У гаспадарцы ён працуе з братам Арцёмам, але на ўборцы яны ў розных экіпажах.
На жніве на беларускім камбайне КЗС-1218 разам з ім памочнікам дваюрадны брат Аляксандр Паршук, які вось ужо восьмы сезон у час летняга адпачынку прыязджае з абласнога цэнтра на малую радзіму, каб паўдзельнічаць ва ўборачнай кампаніі. Нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я сёлета, моладзевы экіпаж настроены на добры вынік.
Наталля АВЯРЧУК
Відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga