Граматы і каштоўныя падарункі – для спажыўкааператараў

Важнае Грамадства

Работнікі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства адзначаны ўзнагародамі за працу.

Іх спажыўкааператарам уручалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вольга Жэлезоўская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, дырэктар філіяла Мікалай Гародка, старшыня прафсаюзнай пярвічкі Святлана Дзяхцевіч.

– Спажыўкааперацыя – маштабная арганізацыя, якая ахоплівае розныя сферы дзейнасці: гандаль, прамысловасць, грамадскае харчаванне, нарыхтоўкі, прадастаўленне паслугаў, транспарт. Час не стаіць на месцы, аднак нязменным застаецца тое, што кожны дзень людзі ходзяць у магазіны, каб на стале было ўсё неабходнае, – адзначыў дырэктар філіяла Мікалай Гародка.

Грамату праўлення Белкаапсаюза за вялікі асабісты ўклад у развіццё галінаў дзейнасці спажывецкай кааперацыі Дзятлаўскага раёна Мікалай Віктаравіч уручыў галоўнаму эканамісту філіяла Святлане Дзяхцевіч, грамату Гродзенскага  аблспажыўтаварыства – прадаўцу Вользе Каско, такая ж узнагарода перададзена вадзіцелю Мікалаю Мазалю, які знаходзіўся на рабочым участку.

Вольга Жэлезоўская адзначыла, што спажыўкааперацыя ў Беларусі іграе важную ролю, паколькі на яе ўскладзена выкананне сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, і свае працоўныя абавязкі спецыялісты сферы выконваюць на дастойным узроўні.

Яна ўручыла Падзячны ліст старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў афіцыянту Ліліі Дарашкевіч, Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў – вадзіцелю Уладзіміру Новіку, Падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў – бухгалтару Алене Юргілевіч і майстру цэха Крысціне Бельскай. Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджана кладаўшчык Вольга Сямашка, Падзячнымі лістамі райвыканкама – цеставод Кірыл Чвель, пекар Святлана Венская, электрагазазваршчык Аляксандр Орсік.

Эстафету ўзнагароджання пераняў Аляксандр Дубовік. Ён падзякаваў спецыялістам за іх нялёгкую працу, уручыў падарункі і ўзнагароды ад прафсаюза. Імі адзначаны начальнік рознічнага гандлёвага ўчастка Наталля Загдай і прадавец Тамара Венская.

За актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці філіяла ўзнагароды з рук старшыні прафсаюзнай пярвічкі Святланы Дзяхцевіч атрымалі Ірына Агель і Галіна Мацюкевіч.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga