Дзелавы панядзелак. Па-гаспадарску – да кожнай справы

Важнае Улада

Лета – спрыяльны сезон для многіх відаў работ, правесці якія варта якасна і своечасова.

Як гэтага дасягнуць, абмяркоўвалі на нарадзе ў старшыні райвыканкама.

У фокусе ўвагі службаў прафілактыкі

За мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне адбыліся 3 вогненныя здарэнні: загаранне пральнай машыны ў Наваельні, грузавога аўтамабіля “ГАЗ” у ААТ “Дварэц-Агра” і ўчастка лесу 0,2 гектара каля вёскі Пацавічы. Ратаўнікі прадаўжаюць ладзіць рэйдавыя мерапрыемствы і інструктажы ў гаспадарках раёна на ўборачнай кампаніі, не менш увагі разам з іншымі спецыялістамі надаюць маніторынгу вадаёмаў, дзе купанне забаронена. У сельгасарганізацыях на адпаведнасць супрацьпажарным патрабаванням будуць правераны сродкі тушэння.

Сярод зарэгістраваных злачынстваў асаблівай увагі заслугоўвае факт махлярства: жыхарка райцэнтра ў сацыяльнай сетцы Instagram заказала адзенне на 165 рублёў, перавяла грошы, аднак засталася без пакупак. Упершыню ў гэтым годзе на Дзятлаўшчыне зарэгістраваны крадзеж з аб’екта дзяржаўнай уласнасці. Сарваўшы замок, зламыснікі адкрылі памяшканне з электраінструментамі, якіх скрадзена на суму ў 2 тысячы рублёў.

У рамках рэалізацыі спецыяльнай праграмы “Мак” знойдзена 7 участкаў яго вырастання, знішчана больш за 45 кілаграмаў. У час праверак выяўлены 3 здарэнні ў аграпрамысловым комплексе: на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення ў дзвюх гаспадарках знаходзіліся токар і вартаўнік, яшчэ ў адной 15 кілаграмаў зернясумесі вынесла аператар машыннага даення. На выхадных адбылося дарожнае здарэнне на павароце на вёску Хадзяўляны, дзе пры абгоне ўдарыўся ў машыну і трапіў з пераломам у бальніцу матацыкліст. У лячэбна-працоўны прафілакторый былі ізаляваны трое жыхароў раёна.

Набірае тэмпы жніво

За азімым ячменем гаспадаркі раёна пачынаюць убіраць пшаніцу. Для бяспекі наладжана рэгулярная тэрмаметрыя ў сенасховішчах. Сярод планавых работ – падрыхтоўка палёў да азімай сяўбы і своечасовае ўнясенне гліфасатаў. На гэтым тыдні мяркуецца таксама прыступіць да ўборкі рапсу, якога ў раёне каля 5 тысяч гектараў. На піку работ аграрыям будзе няпроста, тым больш што паралельна ідзе нарыхтоўка кармоў. Як адзначыў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі, спецыялісты сельгассектара ўжо прыйшлі да разумення, што якасныя кармы лягчэй атрымаць з пасеяных траваў, асабліва люцэрны. Да 10 жніўня яшчэ ёсць магчымасць павялічыць яе плошчы на 500 гектараў. “Пакарміць” варта і скошаныя ўчасткі, каб мець дастойны 3-і ўкос гэтай культуры. Люцэрна – добрая перспектыва для развіцця жывёлагадоўлі і эканомікі гаспадарак у цэлым. Яна штогод дае столькі ж вагі, колькі кукуруза, а сеецца на 4-5 гадоў. У два разы сёлета плануецца павялічыць і плошчы пад сяўбу азімага ячменю, насенне якога ёсць у дастатковай колькасці. Культура таксама выгадная па ўраджайнасці і з-за ранніх тэрмінаў выспявання дазваляе знізіць напружанасць на жніве. Андрэй Садоўскі скіраваў увагу спецыялістаў і на тое, што неабходна набыць элітнае насенне ячменю і закласці свае насенныя ўчасткі, каб вырасціць уласны рэпрадукцыйны састаў і не набываць яго за значныя грошы. Яшчэ кіраўнік раёна засцярог аграрыяў ад эканоміі на прэпаратах для хімпраполкі: іх варта падбіраць абачліва, каб не прыгнеціць расліны і не аказацца ў сітуацыі “скупы плаціць двойчы”.

У чым раён плюсуе?

Вынікова ў першым паўгоддзі спрацавала эканоміка Дзятлаўшчыны: пры заданні 105,3 % індэкс фізічнага аб’ёму тавараў фактычна выкананы на 105,6 %, па інвестыцыях пры планавых 101,7 % атрымана 122,4 %. У цэлым за 5 месяцаў выручка ўзрасла на 19 %, чысты прыбытак – на 21,4 %, рэнтабельнасць продажаў “даплюсавала” адзін працэнт да ўзроўню мінулага года. Сярод кірункаў, на якія цяпер варта зрабіць ухіл, – тэмп росту валавой прадукцыі ў свінагадоўлі. Для гэтага ёсць магчымасці, у тым ліку спрыяльныя цэны на раслінныя бялкі.

Парадак на зямлі без раслінаў-шкоднікаў

На мінулым тыдні ў раёне прадоўжана абследаванне па месцах вырастання баршчэўніку Сасноўскага і залатарніку канадскага. Умовы надвор’я пры падкосцы дазваляюць гэтым раслінам даволі хутка адрастаць, таму выкарыстоўваць лепш хімічную апрацоўку. На гэта варта звяртаць асаблівую ўвагу, у тым ліку старшыням сельвыканкамаў. Самыя вялікія плошчы баршчэўніку знаходзяцца на тэрыторыі Дварэцкага сельскага савета, сустракаецца тут і залатарнік. У барацьбе з імі ўжо была аказана падтрымка Дзятлаўскім ПМС. Наогул, расліны-шкоднікі з году ў год знаходзяцца пад увагай нашай дзяржавы, на вызваленне земляў ад іх выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі.

Іншыя тэмы коратка

Дарожнікам даручана актывізаваць работу па рамонце дарожнай сеткі раёна і асваенні выдзеленых для гэтага сродкаў.

У гарадскіх і гарпасялковых школах плануецца замяніць флагштокі на больш сучасныя і аднатыпныя.

У гарпасёлку Наваельня да канца года патрэбна добраўпарадкаваць плошчу Шашэйную. Цяпер праектна-каштарысная дакументацыя на гэты аб’ект праходзіць экспертызу.

Выдзелены грошы на добраўпарадкаванне возера гарпасёлка Казлоўшчына. У хуткім часе праектна-каштарысная дакументацыя будзе перададзена на экспертызу.

На кантролі застаецца падкос травы у райцэнтры і населеных пунктах, у тым ліку ў гаспадароў прысядзібных участкаў.

Землеўпарадкавальная служба раёна прадаўжае абвяшчаць уласнікаў пра незарэгістраваныя пабудовы на іх участках, разаслана 85 % даведак. Варта памятаць, што да 1 студзеня 2025 года ёсць магчымасць узаконіць іх без абцяжарвання.

Збор другаснай сыравіны ў І паўгоддзі па некаторых пазіцыях павялічаны на 17 тон, аднак яшчэ “западае” нарыхтоўка макулатуры, шкла, электраабсталявання, чорных металаў, якую варта актывізаваць.

Пракуратура Дзятлаўскага раёна звяртае ўвагу адказных службаў і бацькоў на знаходжанне дзяцей на пустуючых аб’ектах. Сярод такіх – былая кантора ў Дзянісаве, адміністрацыйны будынак у Лозках, Мендзыгуры ў Наваельні. Варта спыніць доступ непаўналетніх да падобных збудаванняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: