Прадаўжаецца ўборачная кампанія, а таму многія пытанні на рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама тычыліся менавіта стану спраў у сельскай галіне, пагутарылі таксама аб ходзе рамонтных работ, бяспецы, падрыхтоўцы да новага навучальнага года.
Будзе прафілактыка – будзе парадак
На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне вогненных здарэнняў не зарэгістравана, ратаўнікі прадаўжаюць ладзіць рэйды па месцах перапрацоўкі, уборкі, нарыхтоўкі збожжавых. На складах грубых кармоў асаблівую ўвагу яны надаюць вядзенню журналаў тэрмаметрыі, на збожжасушыльных комплексах – прысутнасці дзяжурных па пажарнай бяспецы.
Згодна з графікам у раёне працуюць аглядавыя камісіі, імі поўнасцю выкананы праграмныя мерапрыемствы, асвоены грашовыя сродкі.
Сярод зарэгістраваных на мінулым тыдні злачынстваў – гібель маладога чалавека ў райцэнтры, усе акалічнасці якой установіць следства. За крадзеж тэлевізара з незамкнёнай кватэры ў Дзятлаве затрыманы і змешчаны пад варту раней судзімы жыхар раёна. Устанаўліваецца невядомая асоба, якая ў вёсцы Навасёлкі незаконна пранікла ў нежылы дом праз акно без ўчынення крадзяжу. Пільна ў час жніва міліцыя сочыць і за захаванасцю маёмасці сельгаспрадпрыемстваў, што дазваляе выяўляць правапарушэнні, якія тычацца не толькі ўборачнай кампаніі. Напрыклад, са скрадзенымі двума літрамі малака па дарозе дамоў быў затрыманы жывёлавод адной з фермаў раёна.
Прадаўжаецца рэалізацыя спецыяльнай праграмы “Мак”. У Засеццях, Наваельні і Лудзічах выяўлена яго вырастанне на падворках пенсіянераў – усе гаспадары афіцыйна папярэджаны аб адказнасці.
Для ўзмацнення прафілактычных мераў і бяспекі ў райцэнтры плануецца ў вячэрні і начны час на вуліцах і ў месцах масавага знаходжання моладзі ўзмоцніць кантроль за правапарадкам з прыцягненнем супрацоўнікаў службы аховы.
З папраўкай на “мокры” прагноз
Надвор’е зноў, як гэта нярэдка бывае, уносіць свае карэктывы ў планы аграрыяў. У сувязі з яго капрызамі назіраецца нераўнамернае выспяванне збажыны, таму для падсушвання культур на корані ў гаспадарках пачалі выкарыстоўваць гліфасаты, якія ўжо ўносілі пад ячмень.
З-за дажджоў жніво на некаторых участках запавольваецца, а таму старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заклікаў работнікаў аграрнага сектара не ўпускаць іншых магчымасцяў. Напрыклад, ужо прыспеў час рыхтаваць глебу пад азімыя культуры, асабліва пад рапс. Паколькі ідзе паварот на восень, паспяшацца трэба і з нарыхтоўкай кармоў, уборкай саломы, церабленнем лёну, не ўпускаць з-пад увагі выкананне плана дзяржаўнага заказу.
Зацікавіўся кіраўнік раёна і тым, як у час уступнай кампаніі ідзе заключэнне мэтавых дагавораў з выпускнікамі ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны, якія мяркуюць пайсці на сельскія спецыяльнасці, як наогул такіх спецыялістаў прывабліваюць у раён і ці адказна ў гаспадарках наладжана кадравая работа.
Многае робіцца, многае будзе зроблена
Вялікая ўвага на Дзятлаўшчыне надаецца асфальтаванню дарог, работы ў гэтым кірунку ідуць згодна з графікам, шмат ужо зроблена і па рамонце пэўных участкаў асфальтавага пакрыцця. Так, сёлета будзе заасфальтавана дарога ў вёсцы Хадзяўляны, цяпер ажыццяўляюцца работы па вуліцы Кірава ў райцэнтры, у планах – тратуары па вуліцы Навагрудскай і яшчэ некалькі аб’ектаў.
Прадаўжаецца капітальны рамонт жылога фонду. Літаральна на гэтым тыдні будаўнікі прыступяць да работ на шматкватэрным жылым доме № 2 у аграгарадку Гезгалы. У Казлоўшчыне такі ж дом адрамантуюць па вуліцы Савецкай. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будучы капрамонт дамоў райцэнтра па вуліцах Чапаева, 19, К. Цэткін, 7, у гарпасёлку Наваельня – па вуліцах Чырвонаармейская, 30, Снітко, 8.
Іншыя тэмы коратка
Літаральна месяц застаўся да 1 верасня, а таму ўстановы адукацыі нашага раёна актыўна мяняюць сваё аблічча, становяцца больш камфортнымі для дзяцей. Вялікія аб’ёмы работ сёлета будуць выкананы ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава і Новаяльнянскай сярэдняй школе.
170-годдзе ўтварэння ў гэтым годзе адзначае пажарная служба Беларусі. Урачыстае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята ратаўнікоў адбудзецца 28 ліпеня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Да навучальнага года рыхтуюцца не толькі школьнікі, але і школьны транспарт. Распрацоўваецца рашэнне на падвоз дзяцей, вывучаюцца маршруты, па графіку ідзе рамонт аўтобусаў і праходжанне імі тэхагляду.
Ва ўстановах адукацыі раёна на працягу тыдня будуць праводзіцца круглыя сталы. У час пасяджэнняў педагогі абмяркуюць актуальныя пытанні галіны, у тым ліку вынікі цэнтралізаванага экзамена, адзнакавае навучанне ў другім класе, некаторыя іншыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga