Нязначнай на першы погляд дэталі часам дастаткова прафесіяналу, каб высветліць акалічнасці здарэння.
За прыклад можна ўзяць наступны выпадак. У раённы аддзел міліцыі звярнуўся мясцовы жыхар, які паведаміў, што ў яго дом пранік злодзей і скраў маёмасць. На адрас выбыла следча-аператыўная група з удзелам супрацоўніка Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў. Пры аглядзе месца здарэння было ўстаноўлена, што зламыснік пранік у дом праз акно, якое пашкодзіў, таксама быў знойдзены след пальца рукі, пакінуты пакуль яшчэ невядомым зламыснікам. Для аператыўнай праверкі адбітак пальца быў напраўлены ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў па Гродзенскай вобласці. У выніку ўстаноўлена, што на месцы крадзяжу яго пакінуў жыхар горада Слоніма, 1989 года нараджэння. Мужчыну затрымалі. Як пазней высветлілася, гэты грамадзянін неаднаразова быў судзімы і з’яўляўся сваяком заяўніка. На яго была ўзбуджана крымінальная справа.
Разам з тым эксперты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў раяць грамадзянам быць абачлівымі і самім прымаць меры па захаванасці маёмасці. Каб не прывабліваць зламыснікаў да свайго жылля, пакідаючы яго, закрывайце форткі і балконныя дзверы, а калі збіраецеся паехаць у водпуск, папрасіце наглядаць за домам ці кватэрай сваяка і суседзяў. Зберагчыся ад злодзеяў дапамогуць надзейныя дзверы і замкі, рашоткі на вокнах, аднак найлепшы сродак ад непажаданых гасцей – устаноўка ахоўнай сігналізацыі.
Сяргей АЎСІЕНКА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga