Тыдзень моладзі і студэнцтва на Дзятлаўшчыне завяршаецца раённым турысцкім злётам “Здаровы я – здаровая краіна”, прысвечаным Году міру і стварэння.
Ён праходзіць ва ўрочышчы Рыбакі з 23 па 25 чэрвеня.
Арганізатарамі турзлёту выступаюць раённы камітэт ГА “БРСМ”, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі, сектар спорту і турызму райвыканкама.
Як заўжды, праграма спаборніцтваў насычаная спартыўнымі і творчымі іспытамі, па выніках якіх будзе вызначаны пераможца. Камандам належыць выпрабаваць свае сілы ў валейболе, “Гарадах”, дартсе, падыманні гіры, перацягванні каната, сплаве на байдарках, мас-рэслінгу і баях шарамі, прайсці турыстычную паласу перашкодаў, паказаць гасціннасць і неардынарнасць у конкурсе “Побыт турыста”.
Урачыстая цырымонія адкрыцця турзлёту прайшла на галоўнай сцэне турысцкай паляны. Гасцямі мерапрыемства сталі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.
Віталій Шулейка павіншаваў моладзь раёна з пачаткам спаборніцтваў, пажадаў яркіх эмоцый, бадзёрасці духу, эфектных перамог:
– Прыемнай традыцыяй стала збірацца на беразе Маўчадкі, у маляўнічым куточку нашай прыгожай Дзятлаўшчыны, праводзіць такія выдатныя, дружныя спаборніцтвы. Рады сёлета таксама бачыць вас усіх тут з пазітывам і шчырымі ўсмешкамі. Жадаю цяпла і ўтульнасці ў вашых палатках, духу спаборніцтва. Веру, што пераможа мацнейшы, а выйграе дружба, – адзначыў ён. – Не забывайце, што асноўнай задачай з’яўляецца не толькі перамагчы, але і знайсці новых сяброў, а магчыма, і абранніка жыцця (моладзевы турзлёт помніць і такія выпадкі!). Упэўнены, што калі ў раёне такая актыўная, мэтанакіраваная і дружная моладзь, усё ў нас будзе добра.
Таксама ён адрасаваў словы ўдзячнасці арганізатарам мерапрыемства.
Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымала каманда КСУП “Хвінявічы”, якая стала пераможцай спаборніцтваў у мінулым годзе.
Сёлета за кубак і прызы моладзевага турысцкага злёту пазмагаюцца 9 каманд: ААТ “Граніт-Агра”, КСУПы “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Войневічы”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў, Дзятлаўскія ЦРБ, лясгас, РУП ЖКГ.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga