Кветкі, стужкі, усмешкі, прыгожыя сукенкі, касцюмы і асаблівая хвалююча-ўрачыстая атмасфера, якая бывае толькі раз у жыцці, на самым старце ў “даросласць”, – гэта непаўторныя прыкметы раённага выпускнога балю.
Сёлета на Дзятлаўшчыне ён ладзіўся пад сімвалічнай назвай “Стварэнне ў імя будучыні” і даў “пуцёўкі” ў шчаслівае заўтра 120 выпускнікам 11-х класаў з 9 установаў адукацыі раёна. Каб свята стала яркім, шчырым, адметным, паклапаціліся яго арганізатары – сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава і раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
На плошчу 17 Верасня выпуск-2023 увайшоў пад урачыстыя гукі Новаяльнянскага духавога аркестра, пакуль кожная са школ займала сваё пачэснае месца, вядучыя называлі найбольш значныя дасягненні навучэнцаў і педкалектываў.
Пачатак урачыстасці паклала цырымонія ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена дырэктару сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава лаўрэату, занесенаму на раённую Дошку гонару, Івану Кібінюі выпускніцы ўстановы са 100- бальным вынікам цэнтралізаванага іспыту Валерыі Лазута.
Права ўзняць сцяг Дзятлаўскага раёна – дырэктару Новаяльнянскай сярэдняй школы Алене Кругловай (па выніках работы ў 2022 годзе школа занесена на раённую Дошку гонару) і выпускніку, пераможцу XIV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, рэспубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі”, прызёру VIII адкрытай алімпіяды навучэнцаў “Крок да інавацый” Аляксандру Баковічу.
– У лёсе кожнага чалавека ёсць значныя падзеі, якія вызначаюць яго будучыню, – павітаў удзельнікаў выпускнога балю старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Сёння такі момант настаў для выпускнікоў, якія ідуць у дарослае жыццё. Перад вамі адкрыты ўсе шляхі, кожны з вас паспяхова пройдзе іспыты, выбера справу па душы. Якімі будуць наша краіна і наша Дзятлаўшчына, залежыць ад вас. Упэўнены, вы ўпішаце новыя імёны ў іх гісторыю. Вы актыўныя і творчыя людзі, сярод вас пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцваў, лідары моладзевага парламента, ініцыятары акцый і праектаў. Ягор Пікта з Новаяльнянскай сярэдняй школы, Данііл Івашэвіч з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Артур Мазоль з Казлоўшчынскай сярэдняй школы па выніках навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку з’яўляюцца прэтэндэнтамі на паступленне ў ВНУ па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі. Праслаўлялі раён сваімі інтэлектуальнымі здольнасцямі і радавалі перамогамі Данііл Шуляк і Паліна Загдай з гімназіі № 1 горада Дзятлава, Ягор Пікта і Аляксандр Баковіч з Новаяльнянскай сярэдняй школы, Данііл Івашэвіч, Паліна і Ангеліна Журскія з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Артур Мазоль з Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Значных поспехаў у спорце дабілася Дар’я Петрыкевіч з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным экзамене атрымалі Лізавета Белавус і Паліна Загдай з гімназіі № 1 горада Дзятлава, Валерыя Лазута з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
– Словы ўдзячнасці адрасую і педагогам, якія перадавалі вам свае веды і каштоўны жыццёвы вопыт. Спадзяюся, вы на ўсё жыццё захаваеце ў сваіх сэрцах пачуццё шчырай павагі да іх. Асаблівую ўдзячнасць выказваю настаўнікам, якія дасягнулі вышыняў педагагічнага майстэрства, — Ганне Урбановіч, Алене Радомскай, Алене Баковіч, Алене Варанец, Марыі Шавель, Ірыне Шумскай, Алене Ляўковіч, Аксане Ванчук.
Разам з педагогамі асновы для поспехаў навучэнцаў будавалі іх бацькі, дык няхай вашы клопат, любоў і цярпенне будуць узнагароджаны дасягненнямі сыноў і дачок. Выпуску — 2023 дасталося няпростае заканчэнне навучальнага года. Мяркую, ад гэтага вы сталі толькі мацнейшыя. Удачы вам, новых здзяйсненняў і ў добры шлях! – пажадаў Андрэй Садоўскі.
Са словамі блаславення да выпускнікоў звярнуліся благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула.
Асабліва ўрачыстым момантам стала ўзнагароджанне 12 залатых медалістаў. Паводле рашэння Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ўладальнікі атэстатаў асаблівага ўзору былі адзначаны яшчэ і грашовымі прэміямі. Медалі, грашовыя ўзнагароды гэтым навучэнцам, а таксама падзячныя лісты ім і іх бацькам уручылі Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. На чырвоную дарожку з бацькамі былі запрошаны Лізавета Сарока і Данііл Шуляк з гімназіі № 1; Валерыя Цімошына з сярэдняй школы № 1; Ангеліна і Паліна Журскія, Валерыя Лазута з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава; Яўген Місцюкевіч з Вензавецкай сярэдняй школы, які яшчэ атрымаў і стыпендыю Гродзенскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”; Дар’я Абрамчык з Гезгалаўскай сярэдняй школы; Максім Баравік з Казлоўшчынскай сярэдняй школы; Аляксандр Баковіч, Васіліна Міхалевіч і Ягор Пікта з Новаяльнянскай сярэдняй школы.
Словы ад імя выпуску-2023 адрасавалі прысутным ўчарашнія адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. У вершаванай форме яны падзякавалі настаўнікам і бацькам, паабяцалі стаць годнымі людзьмі і не забываць родныя мясціны.
Яшчэ адным творчым падарункам выпускнікоў землякам стаў развітальны вальс.
Ні пуха ні пяра, здароўя, міру і дабра старэйшым сябрам зычылі цяперашнія школьнікі – будучы выпуск-2033. Дзятва праспявала песню і арганізавала прыгожы флэш-моб з кветкамі і рознакаляровымі стужкамі – сімваламі пераемнасці пакаленняў.
Робячы свой першы крок у дарослае жыццё, выпускнікі па добрай традыцыі загадалі жаданні і “адпусцілі іх у неба” з яркімі паветранымі шарамі, як сімвал таго, што ўсе высокія мары спраўдзяцца.
Звонкім акордам раённага балю стаў дынамічны трэк з дзяржаўнай сімволікай “Будучыня за намі”. У завяршэнне свята выпуск-2023 быў закліканы яшчэ і да ўдзелу ў акцыі па ўскладанні кветак да помнікаў загінулым воінам і землякам, каб тым самым аддаць даніну павагі героям, якія выратавалі Радзіму і свет ад жахаў нацызму.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ і Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga