Вольга Гайжэўская, настаўніца пачатковых класаў Круцілавіцкай сярэдняй школы: “Дзеці вучаць нас, дарослых, любіць без умоваў”

Важнае Грамадства

Знаёмцеся, Вольга Гайжэўская – малады таленавіты педагог, ураджэнка Воранаўшчыны, якая зрабіла першыя  крокі ў прафесію ў Дзятлаўскім раёне.

За чатыры гады працы ў сельскай мясцовасці яна змагла разам з вучнямі рэалізаваць сябе ў шматлікіх творчых праектах, але галоўнае – даказала ўсім, што ёсць жыццё пасля “адпрацоўкі”, а паспяховы старт магчымы нават па-за вялікім горадам. У межах тыдня моладзі яна разам з такімі ж паспяховымі творчымі равеснікамі паўдзельнічае ў сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам, каб сябе паказаць і задаць пытанне кіраўніку вобласці.

Аказваецца, не выбраць работу ў школе справай жыцця ў Вольгі Гайжэўскай практычна не было шанцаў. Уся яе сям’я – вялікая педагагічная дынастыя. Галоўным матыватарам стала старэйшая сястра, якая паступіла на настаўніцу англійскай мовы. Праз год сама дзяўчына стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

– Са сваіх школьных гадоў я ведала, што буду працаваць з дзецьмі, – расказвае Вольга Гайжэўская. – Але прыслухалася да слушнай парады мамы, якая сказала: “Дачушка, табе трэба працаваць у школе, дзе ты зможаш перадаць вучням свае веды і любоў, у хуткім часе ўбачыць плён сваёй працы”.

Два гады абавязковай працы па месцы прызначэння праляцелі хутка. Але крылы маладога педагога толькі-толькі расправіліся, з’явіліся першыя поспехі, дасягненні, напрацоўкі. Дзяўчына прызнаецца, што нават не думала з’язджаць, адпрацаваўшы два гады, бо ніяк не магла пакінуць сваіх вучняў пасярод пачатковай школы. Акрамя таго, намеціліся добрыя перспектывы развіцця і кар’ернага росту, сярод якіх – атрыманне наступнай працоўнай катэгорыі. Ды і душой прыкіпела да невялікай, але вельмі дружнай Круцілавіцкай школы, яе вучняў і педагогаў.

– З дзецьмі заўжды цікава. Думаю, любая іншая работа стала б для мяне сапраўдным жахам. А тут усё роднае, блізкае. Дзеці такія шчырыя, адкрытыя. Яны вучаць нас, дарослых, любіць без умоваў.

Сёлета маладая настаўніца развіталася са сваім першым выпускам – шасцю творчымі, гарэзлівымі і надзвычай таленавітымі чацвёртакласнікамі. Чаго толькі не рабілі яны за гэты час! Займаліся даследчыцкай і навуковай дзейнасцю, вучыліся зберагаць на “Энергамарафоне”, спявалі і выступалі на фестывалі “Хрыстаславы”, былі лепшымі ў конкурсе “Ратаўнікі вачыма дзяцей”, а ў вольны час хадзілі ў паходы да маляўнічай рэчкі Ятранкі. У школе дзеці займаюцца па двух профілях – тэатральным і спартыўным, пяць чалавек з класа – удзельнікі школьнай зборнай па футболе пад кіраўніцтвам трэнера Дзяніса Трафімчыка. Яны яшчэ маленькія, але ўжо чэмпіёны.

Сама настаўніца не адстае ад падапечных, захапляецца бегам: яна паспяхова выступала на раённых забегах і нават вынікова прадстаўляла педагогаў Дзятлаўшчыны на абласной спартакіядзе ў Лідзе. Адной з самых яркіх спартыўных падзей для яе стаў майскі “Забег міру”, дзе пераадолела дыстанцыю ў пяць кіламетраў.

– Ці лёгка маладому спецыялісту на сяле?

– Ёсць свае плюсы і мінусы, нюансы, – кажа Вольга Леанардаўна. – Мне далі жыллё ад гаспадаркі, заработная плата вельмі задавальняе. Школа ў аграгарадку – тое месца, дзе аўтарытэт і павага да настаўніка – не пусты гук. Вельмі прыемна, што любяць дзеці і паважаюць іх бацькі. Яшчэ адзін вялікі-вялікі плюс – “дзвіжовы” кіраўнік навучальнай установы Сяргей Гузоўскі. Ён не проста нас падтрымлівае, а пастаянна зацікаўлівае да ўдзелу ў самых розных праектах.

– А што з мінусаў?

– У невялікім аграгарадку малавата варыянтаў, каб бавіць вольны час. На маю думку, трэба займаць, зацікаўліваць маладых людзей, каб яны хацелі не толькі працаваць, але і жыць у сельскай мясцовасці. Таксама праблема з транспартам: без асабістага аўто да нас нялёгка дабірацца. Аднак адміністрацыя школы і прафкам стараюцца часцей нас вазіць на экскурсіі, я і сама люблю падарожнічаць. На Гродзеншчыне няма такога цікавага куточка, дзе б я яшчэ не была. Хутка пачнецца летні адпачынак, у ім таксама хачу павандраваць.

– Сёлета вы прадставіце моладзь Дзятлаўшчыны на сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Каранікам. Якое пытанне вы падрыхтавалі для яго?

– Хачу запытаць пра таго чалавека, які, магчыма, паўплываў на жыццёвы і прафесійны выбар кіраўніка вобласці – яго першую настаўніцу.

Як і кожны малады прафесіянал, да сустрэчы на абласным узроўні Вольга Гайжэўская падрыхтавала фота, якое адлюстроўвае яе асабістую каштоўнасць. Думаю, вы здагадаліся, што на ім самае каштоўнае ў жыцці маладой настаўніцы – яе любімыя вучні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: