У КСУП “Хвінявічы” – дыплом і сертыфікат

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2023” сёлета зноў парадавала спецыялістаў Дзятлаўшчыны заслужанымі ўзнагародамі.

У секцыі “Жывёлагадоўля” плён сваёй працы прадстаўляў КСУП “Хвінявічы”. Галоўны заатэхнік гэтага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства Марыя Слушко і ветэрынарны доктар Сяргей Хімера прывезлі на сталічную выставу пародзістага барана-вытворцу галандскай пароды тэксель.

Характарыстыкі жывёліны і работа гаспадаркі ў кірунку авечкагадоўлі высока ацэнены. КСУП “Хвінявічы” прысуджаны Дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выставе “Белагра-2023”, а таксама грашовы сертыфікат на 250 рублёў Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Белферма-2023”.

– Прыемна, што наша гаспадарка не губляе сваіх пазіцый і другі год запар вяртаецца дамоў з узнагародамі, – зазначае Марыя Слушко. – Сёлета ў цырымоніі ўручэння паўдзельнічаў мой малодшы калега – ветэрынарны доктар Сяргей Хімера. Малады спецыяліст пасля заканчэння інстытута працуе ў нас два гады. За гэты час Сяргей Валер’евіч зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку. Ён годны, вельмі акуратны і старанны работнік, ураўнаважаны і прыемны ў размове чалавек. Добра паказаў сябе ў калектыве. Вельмі спадзяёмся, што поспех і надалей стане яго спадарожнікам у выбранай прафесіі і Сяргей Валер’евіч плёнам сваёй працы будзе спрыяць развіццю жывёлагадоўлі ў КСУП “Хвінявічы”.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі выставы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga