Актуальныя пытанні падрыхтоўкі да ўборкі ўраджаю, прафілактыкі крадзяжоў і рэлігійныя аспекты сучаснага жыцця абмеркавалі на пасяджэнні Дзятлаўскага райвыканкама.
Яно прайшло пад старшынствам першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.
У планах сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўшчыны – атрымаць сёлета 55,1 тысячы тон збожжавых і зернебабовых культур, 14,3 тысячы тон алейнага семя азімага і яравога рапсу. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур прагназуецца ў лічбе 34,7 цэнтнера з гектара, рапсу – 24,4.
На жніво-2023 плануюць выйсці 54 збожжаўборачныя камбайны, больш за 60 адзінак грузавых аўтамабіляў і іншая тэхніка. Завяршыць іх падрыхтоўку да работ неабходна да 8 ліпеня. Гаспадаркі гэтым актыўна займаюцца. Пакуль крыху ніжэйшая тэхнічная гатоўнасць камбайнаў у КСУПах “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”, ААТ “Дварэц-Агра”. Самая высокая нагрузка на камбайн пры ўборцы збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы на зерне) будзе ў ААТ “Дварэц-Агра” – 304 гектары.
Наяўная колькасць тэхнікі дазваляе правесці ўборку збожжавых і зернебабовых культур на працягу 23 каляндарных дзён.
У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна будуць працаваць 17 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Для ўборкі саломы будзе задзейнічана 34 прэс-падборшчыкі, у тым ліку 7 камбінаваных.
На ўборцы ўраджаю ўсяго плануецца задзейнічаць 242 механізатары, у тым ліку 67 – для работы на збожжаўборачных камбайнах. Як запэўнілі кіраўнікі гаспадарак, усе экіпажы ўжо сфарміраваны.
Віталій Шулейка нагадаў, каб былі створаны неабходныя санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў, няўхільна выконваліся правілы аховы працы занятымі на ўборцы, а таксама прапанаваў стварыць раённую камісію, камісіі ў кожнай гаспадарцы па прыёмцы камбайнаў і кантролі за іх работай з мэтай прадухілення тэхнічных стратаў збожжа.
– Другое пытанне сённяшняга пасяджэння па прафілактыцы крадзяжоў датычыцца і сельскай гаспадаркі. Усім вядомы непрыемныя факты леташняй уборачнай кампаніі, калі ў некаторых раёнах машынамі вывозілі рапс, – звярнуўся да прысутных Віталій Тадэвушавіч. – На асаблівым кантролі павінны быць перавозка прадукцыі з поля да вагавой або да сховішча, расход паліва.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль адзначыў, што ўборачная – гарачая пара не толькі для аграрыяў, але і для супрацоўнікаў міліцыі. Традыцыйна дзятлаўскія праваахоўнікі будуць правяраць тэхніку, ажыццяўляць кантроль фізічнага стану механізатараў і вадзіцеляў, а таксама праводзіць выбарачныя праверкі ў палях, на дарогах, збожжасушыльных комплексах.
Увогуле аб крымінагеннай сітуацыі ў раёне. Па выніках 5 месяцаў адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці рэгіструемых злачынстваў. Крадзяжы складаюць 59 % ад усіх відаў злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.
Як паказвае аналіз, спосаб здзяйснення крадзяжоў з гадамі істотна не мяняецца – шляхам свабоднага доступу, а таксама непрыняцця дзятлаўчанамі належных мераў па захаванасці асабістай маёмасці.
Па трэцім пытанні пасяджэння выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што на Дзятлаўшчыне рэалізуюцца Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносінаў і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2021-2025 гады; Праграма мераў па выкананні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой у Гродзенскай вобласці.
На тэрыторыі раёна арганізуюць сваю дзейнасць 27 рэлігійных супольнасцяў чатырох канфесій. З іх 13 – праваслаўныя, 8 – рымска-каталіцкія, 2 – евангельскія хрысціяне баптысты і 4 – хрысціяне Веры Евангельскай. Для правядзення набажэнстваў і рэлігійных абрадаў выкарыстоўваюцца 30 культавых будынкаў, 13-і з іх нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў 2022 годзе, насельніцтва Дзятлаўскага раёна адрозніваецца высокай ступенню рэлігійнасці: 84,8 % з апытанага насельніцтва лічаць сябе вернікамі; 98,9 % рэлігійную сітуацыю лічаць спакойнай. Станоўчае стаўленне да праваслаўя адзначылі 97 % апытаных, да каталіцызму – 63,6 %.
Варожых або нецярпімых адносінаў сярод прадстаўнікоў розных канфесій не назіраецца.
У мэтах падтрымання міру і згоды ў раёне, узаемадзеяння і супрацоўніцтва кіраўніцтвам райвыканкама штогод праводзяцца сустрэчы са святарамі ўсіх канфесій па растлумачэнні заканадаўчых актаў, абмеркаванні пытанняў пажарнай бяспекі, выканання патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, аховы гісторыка-культурнай спадчыны, землекарыстання; вырашаюцца пытанні, якія паступаюць ад святароў.
Сфарміраваны і працягваюць захоўвацца станоўчыя тэндэнцыі па шырокім прыцягненні святароў да ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga