“Уладар сяла” – праект з нацыянальным каларытам.
На Беларусі кажуць: “Шануй сваё!”. Мудрай думкі продкаў прытрымліваецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які з 2009 года разам з сацыяльнымі партнёрамі на рэспубліканскім узроўні рэалізуе штогадовы сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”.
Ён скіраваны на замацаванне маладых сем’яў на вёсцы, папулярызацыю сельскагаспадарчых прафесій, адраджэнне працоўных дынастый і традыцый беларускай глыбінкі, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў моладзевым асяроддзі.
На Дзятлаўшчыне раённы этап вясёлых спаборніцтваў маладых сельскіх сем’яў сёлета ладзіўся ў аграгарадку Хвінявічы з ініцыятывы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённых камітэтаў ГА “БРСМ” і прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сектара культуры райвыканкама.
На адной пляцоўцы ён сабраў 4 маладыя сям’і з дзецьмі, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці нашага раёна, а таксама вядуць уласную дапаможную гаспадарку.
– Прыемна бачыць вас на нашым свяце, – павітала прысутных першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Вельмі рада, што сем’і-ўдзельніцы праекта знайшлі час для падрыхтоўкі і сёння знаходзяцца на конкурснай пляцоўцы. Жадаю перамогі мацнейшым, а ўсім вам міру, шчасця і дабра, падтрымлівайце адзін аднаго, будзьце заўжды дружнымі і згуртаванымі.
– Мне асабліва ганарова, што ў сёлетнім конкурсе спаборнічаюць адразу тры сям’і, якія прадстаўляюць гаспадаркі Дзятлаўшчыны, – адзначыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. – Усім жадаю ўдачы і прыемна правесці час на праекце.
Свята пачалося з конкурсу візітовак “Давайце пазнаёмімся”. У цікавай форме пра сябе, работу і сельскія будні расказалі сем’і Літвінскіх з ААТ “Граніт-агра”, Юруцяў з КСУП “Хвінявічы”, Жуйковых з КСУП “Жукоўшчына” і Мурыных, якія прадстаўлялі Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і Ахонаўскае лясніцтва ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Для самапрэзентацый яны падрыхтавалі яшчэ і завочныя заданні – выставы кулінарнага і творчага майстэрства. Чаго толькі не было на іх: ад кулінарных шэдэўраў Юруцяў, да вынікаў карысных захапленняў рыбалкай Мурыных, бісерам і алмазнай мазаікай Літвінскіх.
Паколькі вясковыя жыхары павінны быць спрытнымі і руплівымі гаспадарамі, усё паспяваць не толькі на працы, але і дома, то і наступным этапам праекта сталі самыя распаўсюджаныя сельскія гаспадарчыя выпрабаванні. Так, у час конкурсу “Сіўка-Бурка” неабходна было запрэгчы і распрэгчы каня, конкурс “Дрывасек” вымусіў нарыхтоўваць і складваць дровы, “Сельскагаспадарчая эстафета” ўключала адразу некалькі іспытаў як для старэйшых, так і малодшых членаў сем’яў, а конкурс “Майстар” быў аб’яўлены менавіта для татаў – яны майстравалі дошкі для рэзкі з дапамогай адной сякеры. У перапынках радасць і добры настрой удзельнікам свята дарылі артысты гурта “Мара”, а таксама Ала Чарняўская і Чэслаў Свіб.
Прыемным момантам сустрэчы стала падвядзенне вынікаў. Званне “Уладар сяла” і перамогу ў раённым этапе праекта заваявала сям’я Юруцяў, якая адзначана галоўным падарункам ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Званне віцэ-лідараў і дыплом за ІІ месца атрымалі Літвінскія, ім уручаны памятны падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. “Бронзавы” вынік падзялілі сем’і Мурыных і Жуйковых. Яны атрымалі дыпломы ІІІ ступені і прызы ад раённага камітэта ГА “БРСМ” і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga