Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Жадаюць дзятлаўчане

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Напярэдадні важкай юбілейнай даты гараджане выказваюць роднаму Дзятлаву і землякам свае шчырыя і цёплыя пажаданні.

Надзея Канявега:

– З горадам Дзятлавам у мяне, несумненна, звязана шмат добрых успамінаў. Глыбока ўдзячна гэтым мясцінам за тое, што менавіта тут выраслі мае дзеці і скончылі школу мае ўнукі, тут жыву я. Дзень горада ўсё бліжэй, і я жадаю яму толькі росту і росквіту, а яго жыхарам – жыцця ў міры і згодзе. Жадаю, каб моладзь расла шчаслівай і актыўнай, каб горад наш славіўся не толькі народнымі ўмельцамі, але і спартыўнымі дасягненнямі. Няхай Дзятлава красуе пад мірным небам.

Сям’я Андалюкевічаў

Анатолій Андалюкевіч:

– Жадаю роднаму гораду спакою, парадку і мірнага жыцця. Моладзі – не забываць родныя мясціны, вяртацца на малую радзіму, дапамагаць умацоўваць дабрабыт сваёй старонкі, дасягаць высокіх вяршыняў. Няхай толькі станоўчыя дасягненні нашага горада праслаўляюць яго па ўсёй рэспубліцы, каб пра нас ведалі, цанілі, успаміналі. Жадаю, каб школы і дзіцячыя сады поўніліся хорам звонкіх, вясёлых дзіцячых галасоў, а бацькі радаваліся кожнаму іх дасягненню. Са святам, любімы горад!

Святлана Андалюкевіч:

– Несумненна, горад Дзятлава мае важнае значэнне для кожнага з нас, а для кагосьці ён наогул стаў часткай іх саміх. Нехта тут сустрэў сваё першае каханне, другія – правялі дзяцінства і юнацтва, трэція – змаглі знайсці магчымасці і менавіта тут ажыццявіць сваю запаветную мару. Але менавіта памяць і любоў да родных мясцін аб’ядноўвае кожнага з нас. З 525-годдзем любімага горада віншую ўсіх землякоў, жадаю мірнага неба над галавой, шчасця і радасці, росту і асобаснага развіцця.

Ульяна Папроцкая:

– Прыгожая прырода, цікавыя славутасці і добрыя людзі – менавіта гэтыя словы характарызуюць наша Дзятлава, таму яно і дарагое для кожнага з нас. Віншуючы наш любімы горад з 525-годдзем, жадаю кожнаму яго жыхару міру і дабра, узаемаразумення і спагадлівасці, пазітыву ў цэлым і толькі ўсяго самага найлепшага.

Анастасія Максімовіч:

– У такі цудоўны дзень адрасую словы падзякі нашаму гораду і людзям, якія знаходзяцца побач са мной, віншую наш родны куток з такой важкай датай. Жадаю Дзятлаву толькі росквіту, а людзям – дабрыні, шчырасці і шчодрасці, а яшчэ каб не забывалі пра рэстаўрацыю важных для нашага горада месцаў і іх прыгажосць захоўвалася ў стагоддзях, радуючы кожнага жыхара і гасцей.

Мікіта ПАПРОЦКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga