Маршрутамі памяці
Традыцыйна кожнае лета на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы палатачны летнік “Абаронца” збірае дзяўчынак і хлопчыкаў весела і цікава правесці дзевяць летніх дзён. Кожны дзень тут праходзіць пад пэўнай тэмай. Але самы запамінальны для выхаванцаў стаў дзень падарожжаў “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, у які 13 цікаўных яго удзельнікаў пад кіраўніцтвам выхавальнікаў адправіліся ў велапаход.
Першы прывал быў каля вялізнага каменя, устаноўленага да 60-годдзя КСУП “Войневічы”. Далей шлях ляжаў да помніка землякам, загінулым у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Войневічы. Такім чынам выхаванцы летніка прынялі ўдзел у акцыі “Ад помніка да помніка”. На зваротным шляху ў касцёле ў вёсцы Рандзілаўшчына дзяцей чакаў ксёндз Андрэй, які расказаў аб гісторыі касцёла Сэрца Ісуса.
Вывучаем свой горад
Навучэнцы Раклевіцкай базавай школы, наведвальнікі летніка “Сузор’е адкрыццяў”, пабывалі на аглядавай экскурсіі па гістарычнай частцы горада Дзятлава, якую правяла для іх экскурсавод Алена Абрамчык. Выхаванцы наведалі помнікі горада, даведаліся многа цікавай і пазнавальнай інфармацыі, звязанай з гістарычна значымымі месцамі райцэнтра. У Год міру і стварэння і да 525-годдзя Дзятлава школьнікі яшчэ раз перагарнулі гераічныя старонкі горада.
Карпарацыя “Муравейнік”: ствараючы лепшае
У Гезгалаўскай сярэдняй школе ў палатачным летніку турысцка-краязнаўчага профілю“Краязнаўцы” змена прысвечана Году міру і стварэння.
Выхаванцы становяцца тут супрацоўнікамі карпарацыі “Муравейнік”, дзейнасць якой накіравана на пошук новых формаў стваральнай працы, распрацоўку праектаў, мэтай якіх з’яўляецца фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, умацаванне пачуцця патрыятызму і гонару за багацце роднай зямлі. Кожны дзень тэматычны, падчас якога выхаванцы выконваюць пэўныя заданні і прэзентуюць вынікі сваёй дзейнасці на савеце атрада.
Зазірнулі ў будні ратаўнікоў
У аздараўленчым летніку “Летняя акварэлька” Вензавецкай сярэдняй школы пабывалі супрацоўнікі РАНС. У першую чаргу дзяцей, вядома ж, зацікавіла пажарная машына: чым укамплектавана, што знаходзіцца ў яе адсеках, як складзены пажарна-выратавальны інвентар, якія існуюць сродкі барацьбы з агнём. Пачулі выхаванцы і папераджальны сігнал сірэны, а таксама аповед пра нялёгкія будні прафесіі ратаўнікоў.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga