У першы дзень летніх канікулаў на школьным стадыёне аграгарадка Дварэц сустрэліся ў сяброўскім матчы па футболе зборныя каманды 7-8 класаў Дварэцкай і Новаяльнянскай сярэдніх школ.
Баталіі выдаліся гарачымі. Кожны з удзельнікаў стараўся ўнесці сваю долю ў перамогу. Фартуна аказалася на баку школьнікаў з Наваельні.
Шчаслівая краіна Дзяцінства
Актыўна і весела сустрэлі лета выхаванцы Казлоўшчынскага дзіцячага сада. Яно распачалося шматлікімі мерапрыемствамі і шчаслівымі ўсмешкамі. А выкананне калектыўнай работы “Яркія далонькі” дабавіла яскравасці і святочнага настрою.
Конкурс збудаванняў і фігур з пяску “Жыві ярчэй” дазволіў выхаванцам раскрыць сваю фантазію і архітэктурныя здольнасці. У межах сумеснага праекта “Дзеці чытаюць дзецям” адбылася пазнавальная сустрэча з работнікамі гарпасялковай бібліятэкі і навучэнцамі Казлоўшчынскай сярэдняй школы.
А яшчэ музычна-спартыўнае свята “Краіна Дзяцінства”, на якое ў госці да дзяцей завіталі кот Базіліа і ліса Аліса. Яны бавілі час з выхаванцамі ў забаўляльных гульнявых спаборніцтвах. А наперадзе – лета!
Адпачынак на пазітыве
У Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі працуе дзіцячы аздараўленчы летнік для дванаццаці дзяцей-інвалідаў з энергічнай назвай “Пазітыў”.
Кожны новы дзень сустракае дзяцей сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю.
Значнай падзеяй для выхаванцаў стаў сумесны ўдзел з летнікам “Вектар”, які арганізаваны на базе раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у шоу-праграме “Чароўная краіна Дзяцінства”. Гэта дабратворна паспрыяла фарміраванню вопыту ўзаемадзеяння з навакольным соцыумам, фарміраванню інклюзіўнай культуры ў выхаванцаў, адносінаў супрацоўніцтва і садружнасці ў дзіцячым калектыве.
Сапраўдным сюрпрызам стала сустрэча з супрацоўнікамі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і ўдзел у гульнявой праграме “У гасцях у Рамонка“. Выкананне заданняў ад Непагадзі актыўна ўключыла дзяцей у калектыўную дзейнасць. Нягледзячы на спякоту, выхаванцы з дапамогай казачных герояў Лета і Феі кветак праявілі сваю кемлівасць, шпаркасць і спрыт і пераадолелі ўсе перашкоды.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga