І памятае свет уратаваны…

Важнае Грамадства

22 чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Беларусь успамінае ўсіх, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод.

У гэты дзень у 1941 годзе нацысцкая Германія, парушыўшы дагавор аб ненападзенні, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Згодна з планам “Барбароса” нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці яе маланкава і адным ударам разграміць СССР.

Аднак крывавая вайна зацягнулася на доўгія чатыры гады. Яе ахвярамі сталі мільёны савецкіх людзей, у тым ліку загінуў кожны трэці наш суайчыннік.

На Дзятлаўшчыне памятныя мерапрыемствы да гэтай сумнай даты пачаліся акцыяй “Памяць жывая”. У храмах раёна ладзіліся набажэнствы з малітвамі аб ахвярах ваеннага ліхалецця і загінулых воінах-абаронцах Радзімы, а ў 4 гадзіны раніцы празвінеў памінальны перазвон.

У райцэнтры вернікі на чале з благачынным цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэем Іаанам Кісялём прайшлі ад храма да мемарыяла ў гарадскім парку, дзе каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову і брацкай магілы загінулых воінаў запалілі лампады.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі акцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga