1 ліпеня Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь спаўняецца 30 гадоў.
З гэтай нагоды аб спецыфіцы работы службы расказала начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела ФСАН Марыя Жыдко:
– Сярод функцый фонду – збор абавязковых страхавых узносаў і ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне, фінансаванне расходаў на выплату пенсій і дапамогаў, а таксама на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне. Служба арганізуе і вядзе індывідуальны ўлік застрахаваных асобаў, прызначае і выплачвае прафесійныя пенсіі, ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.
На базе фонду за час яго развіцця рэалізоўваліся маштабныя праекты і вырашаліся глабальныя задачы. З 1 студзеня 2003 года паспяхова ўкаранёна ўнікальная сістэма персаніфікаванага ўліку, якая дазволіла стварыць цэнтралізаваны электронны рэсурс са звесткамі аб працоўнай дзейнасці кожнага занятага грамадзяніна з любога кутка Беларусі, спрасціць працэдуру прызначэння пенсіі ў плане пазбаўлення ад складанасцяў, звязаных са зборам дакументаў аб стажы і заробку ад усіх працадаўцаў, у якіх быў заняты з дня існавання рэсурса. Напрыклад, у сістэме персаніфікаванага ўліку ў Дзятлаўскім раённым аддзеле на пачатак года адкрыта больш за 20,5 тысячы індывідуальных асабовых рахункаў (ІАР) застрахаваных асобаў, якія папаўняюцца звесткамі.
З 1 студзеня 2009 года фонд вядзе прафесійнае пенсійнае страхаванне (ППС) па прынцыпе назапашвальнага фарміравання сродкаў на выплату прафесійных пенсій работнікам, занятым у асаблівых умовах працы і асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці. Наймальнікі дадаткова выплачваюць узносы за такіх работнікаў, вядзецца персаніфікаваны ўлік гэтых сродкаў, а ў далейшым ажыццяўляюцца выплаты прафесійных пенсій. На пачатак года ў Дзятлаўскім раённым аддзеле зарэгістравана 39 страхавальнікаў, якія выплачваюць узносы на ППС за 653 работнікаў, штогод назначаецца больш за 25 прафесійных пенсій.
Для падтрымкі сем’яў з дзецьмі пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўных дапамогаў. Зараз у яе ўваходзіць 11 іх відаў: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці пры доглядзе дзяцей.
З 1 студзеня 2024 года істотна зменіцца парадак назначэння дапамогаў па часовай непрацаздольнасці. Памер будзе залежаць ад перыяду выплаты абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду на сацыяльнае страхаванне. Для работнікаў са стажам з выплатай страхавых узносаў 10 і больш гадоў дапамога па часовай непрацаздольнасці стане выплачвацца ў памеры 100 % сярэднядзённага заробку ўжо з першага дня хваробы (цяпер: першыя 12 дзён аплачваецца 80 % сярэднядзённага заробку, за выключэннем асобных катэгорый грамадзян). Мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці будзе разлічвацца з памеру мінімальнай заработнай платы ў дзеючым парадку разліку – з 50 % БПМ у сярэднім на душу насельніцтва.
Наш фонд – гэта дзяржаўны орган, які ідзе ў нагу з часам. З 1 лютага 2023 года ён прадставіў свой мабільны дадатак “ФСАН” – своеасаблівае сувязное звяно паміж Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва і грамадзянамі, што дазваляе ў зручным для карыстальніка месцы, у любы час атрымаць доступ да інфармацыі яго індывідуальнага асабовага рахунка (ІАР). Гэта даныя пасведчання сацыяльнага страхавання, звесткі аб перыядах працоўнай дзейнасці і наймальніках, у тым ліку перыядах выканання работ па грамадзянска-прававых дагаворах, налічанай заработнай плаце, пералічаных у ФСАН узносах, а таксама аб працягласці страхавога стажу, сфарміраванага за перыяд з 1 студзеня 2003 года.
Такім чынам кожны жыхар нашай краіны ў той ці іншай ступені звязаны з фондам і карыстаецца яго сродкамі. На Дзятлаўшчыне колькасць плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду мянялася на працягу 30 гадоў ад 425 да 987.
Пашырыліся і катэгорыі плацельшчыкаў: да юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў дадаліся натарыусы і адвакаты. Самазанятым таксама прадастаўлена магчымасць самастойна фарміраваць свой страхавы стаж.
Цяпер у раёне за кошт сродкаў фонду атрымліваюць пенсіі больш за 7,6 тысячы пенсіянераў, з якіх 6 тысяч, або 79 %, – атрымальнікі пенсій па ўзросце, сярэдні памер такой пенсіі па раёне – 633 рублі.
Сістэмай дзяржаўных дапамогаў ахоплена 2000 дзяцей Дзятлаўшчыны. Самая шматлікая група атрымальнікаў (1029 чалавек) – тыя, хто гадуе дзіця да 3 гадоў.
Як бачыце, з моманту свайго стварэння фонд трывала ўвайшоў у жыццё беларусаў, і няхай 30 гадоў па гістарычных мерках не так і шмат, затое па колькасці і маштабе падзей – цэлая эпоха.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga