Дзелавы панядзелак. Руку з пульса не здымаць

Важнае Улада

Прафілактыка пажараў, гібелі людзей, дзейнасць прамысловых прадпрыемстваў раёна, выкананне графікаў абкосу прыдарожных палосаў і навядзення парадку ў райцэнтры, падрыхтоўка да святочных і ўрачыстых падзей, якія адбудуцца на бягучым і наступным тыднях,  – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на нарадзе ў першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.

Памяць патрабуе чысціні

Праверка выканання заканадаўства аб увекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў выявіла, што па добраўпарадкаванні пахаванняў у нашым раёне прынята недастаткова мераў.

– Памылковая думка, што толькі ў красавіцкія дні перад Днём Перамогі – гэта самы час навесці парадак на пахаваннях, у мемарыяльных комплексах і іншых месцах баявой і воінскай славы. Такія аб’екты неабходна падтрымліваць у годным выглядзе ўвесь час, не чакаць заўвагаў, – адзначыў Віталій Шулейка. – Прайшлі ліўневыя дажджы – дзесьці воінскія пахаванні або дарожкі да абеліска Славы будуць замыты, недзе ветрам наламала галінаў. Адказным службам і шэфскім арганізацыям тэрмінова навесці парадак.

“Пустыя” кашалькі

На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне адбыліся 2 пажары. Гарэлі гаспадарчыя пабудовы. Прычыны ўзгаранняў высвятляюцца.

13 і 19 чэрвеня адбыліся адключэнні электраэнергіі з-за падзення галінаў дрэваў на лініі электраперадачы ў час навальніцаў. Электразабеспячэнне было аператыўна адноўлена.

Па лініі аддзела ўнутраных спраў тры крымінальныя справы мінулага тыдня звязаны са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій. Прычым усе пацярпелыя не пенсіянеры, якіх даволі лёгка падмануць, а людзі працоўнага ўзросту.

– Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна варта правесці прафілактычныя гутаркі з работнікамі аб небяспецы кіберзлачыннасці: пераходах па фішынгавых спасылках, перадаплаце за тавары, якія набываюцца праз інтэрнэт-пляцоўкі і сацыяльныя сеткі, і іншае, што прыводзіць да “пустых” кашалькоў, – падкрэсліў Віталій Тадэвушавіч. – Аддзел унутраных спраў райвыканкама акажа адпаведную інфармацыйную дапамогу.

Моладзь стварае будучыню

З 19 чэрвеня стартаваў тыдзень моладзі “Moladz.by: цэнім мір, ствараем будучыню!”. У раёне пройдуць моладзевыя форумы, дыялогавыя пляцоўкі, у тым ліку з удзелам кіраўніцтва раёна, Савета дэпутатаў, работнікаў пракуратуры, моладзевага парламента.

Кожны дзень будзе тэматычным. Напрыклад, 22 чэрвеня ў памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава пройдзе начная памінальная служба. У 4 гадзіны раніцы, час, калі пачалася вайна, ва ўсіх цэрквах раёна празвініць памінальны звон. Затым вернікі з лампадкамі пройдуць ад сабора да гарадскога парку і ўскладуць кветкі да мемарыяла Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову і брацкай магілы загінулых воінаў. Моладзь і ўсе жадаючыя прымуць удзел у ранішніх мерапрыемствах, пасля ў мітынгу-рэквіеме каля гэтага ж помніка ў 11 гадзін 45 хвілін і далучацца ў 12 гадзін да адзінай рэспубліканскай хвіліны маўчання.

Завершыцца тыдзень моладзі на Дзятлаўшчыне раённым турысцкім злётам, які пройдзе з 23 па 25 чэрвеня ва ўрочышчы Рыбакі, дзе, па словах галоўнага моладзевага лідара раёна Кацярыны Хілімончык, традыцыйна будуць адзначаны і ўзнагароджаны не толькі пераможцы турзлёту, але і самая актыўная моладзь, якая праявіла сябе на працягу года.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga