Барацьба з небяспечным пражорам

Важнае Грамадства

Мы ўжо расказвалі пра выяўленае ў нашым раёне ў аграгарадку Белагурна і на возеры ў вёсцы Саннікі шкоднае насякомае – златагузку, або залацістага шаўкапрада.

Прыгожы белы пухнаты матылёк златагузкі не прычыняе ніякай шкоды, а вось яго вусень можа за лічаныя дні знішчыць цэлы сад, калі не прымаць ніякіх мераў барацьбы з ім. Больш за 20 таполяў у Белагурне і Санніках, пакрытых густой лістотай, “палыселі” за пару дзён.

Звярніце ўвагу! Вусень златагузкі вельмі небяспечны для чалавека. Калі дакрануцца да валасінак на тулаве насякомага, на скуры чалавека ўзнікае запаленне, рубцы, якія могуць не праходзіць доўгі час. А самі валасінкі адломліваюцца і ветрам разносяцца па садзе. Калі шкоднікаў у садзе шмат, валасінкі могуць трапляць у дыхальныя шляхі і выклікаць кашаль.

Барацьба са златагузкай – даволі складаны занятак: яна вельмі хутка размножваецца, а яйкі і лічынкі ўстойлівыя да замаразкаў. Неабходна ўважліва агледзець дрэвы і хмызнякі на наяўнасць яек ці лічынак. Калі выявіце іх, то гэтыя галінкі трэба зрэзаць секатарам і спаліць іх.

Калі ж вы ўпусцілі гэты момант і выявілі ў садзе вусеняў, то, па інфармацыі Дзятлаўскай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, вам дапамогуць правераныя хімічныя сродкі, дазволеныя да выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: “АМПЛИГО” і “КОРАГЕН”.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga