Аб загінулых памаўчым

Галоўнае Улада

22 чэрвеня каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў горадзе Дзятлаве прайшлі мітынг-рэквіем і Усебеларуская хвіліна маўчання, прысвечаныя трагічнай даце ў жыцці кожнага беларуса – дню, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталіем Шулейкам, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Марыя Максімовіч і Аляксандр Ківуля, школьнікі райцэнтра. Яны ўшанавалі памяць тых, хто цаной свайго жыцця абараняў Радзіму, быў замучаны ў фашысцкай няволі або памёр у тыле ад голаду і пазбаўленняў, разам з вядучымі ўзнавілі ў памяці падзеі самай доўгай і крывавай вайны ў гісторыі нашай краіны.

Да прысутных звярнуўся намеснік ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун:

– Вялікая Айчынная вайна – небывалая па сваёй жорсткасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна прынесла безліч бедаў і забрала мільёны жыццяў нашых суайчыннікаў. На абарону роднай зямлі ўсталі мужчыны і жанчыны, пажылыя людзі і моладзь, многія з якіх не дажылі да Перамогі. Сёння мы аддаём даніну памяці ўсім героям, якія падарылі нам мірнае жыццё і свабодную дзяржаву. Мы помнім слаўных абаронцаў Айчыны, ганарымся мужнасцю, гераізмам, стойкасцю нашага народа, ушаноўваем ветэранаў і смуткуем аб загінулых. Мы нізка схіляем галовы перад героямі і нявіннымі ахвярамі вайны. Вечная памяць.

Значэнне гэтага трагічнага дня для беларусаў падкрэсліла першы сакратар ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– 22 чэрвеня – жалобная дата, якая застанецца ў памяці не толькі салдат і ветэранаў, партызан і падпольшчыкаў, мірных жыхароў нашай краіны, якія прайшлі гэтыя пякельныя гады, але і ўсіх тых, хто ведае пра вайну з кніг, кінафільмаў, суровых расказаў бацькоў, дзядоў, ветэранаў. Мы смуткуем аб усіх, хто цаной уласнага жыцця выканаў свяшчэнны абавязак – абараніў нашу Айчыну. Вайна пакінула свой чорны след і на дзятлаўскай зямлі: страшную долю Хатыні падзялілі вёскі нашага раёна, з пачварнай сілай фашысты ўчынілі на нашай зямлі генацыд. Вайна вызначыла лёсы не аднаго пакалення людзей, азарыла грозным полымем дзесяцігоддзі. Боль вайны з гадамі пераплавіўся ў памяць нашчадкаў. Сёння памяць – гэта зброя ўсіх разумных і шчырых людзей у барацьбе за мірнае неба над нашай сінявокай Беларуссю, усёй мірнай планетай.

Роўна ў поўдзень у памяць аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне воінах і мірных жыхарах у Дзятлаве і ў кожным населеным пункце раёна, па ўсёй Беларусі прайшла Усебеларуская хвіліна маўчання.

Удзельнікі мітынгу-рэквіему пакланіліся подзвігу продкаў, усклалі да помнікаў кветкі і вянкі.

Жалобныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх сельскіх саветах нашага раёна

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: