Працаваць падвоенымі тэмпамі
Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык расказаў пра даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь меліяратарам і ўмовы паспяховай работы:
– Мінулы і першая палова гэтага года склаліся паспяховымі і разам з тым напружанымі для меліяратараў. Сёння практычна ўсе нашы сілы і рэсурсы задзейнічаны на культуртэхнічныя і меліярацыйныя работы. Згодна з даручэннем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, меліярацыйныя мерапрыемствы пры падтрымцы бюджэтнага фінансавання праводзяцца падвоенымі тэмпамі, з улікам карт меліярацыі 1970-х гадоў. Задача нумар адзін, якая на кантролі ў кіраўніка дзяржавы, – увесці ў сельскагаспадарчы абарот як мага большыя плошчы некалі безгаспадарных земляў на месцах балот, знесеных збудаванняў, прысядзібных участкаў, якія даўно не выкарыстоўваюцца. За мінулы год мы ўвялі ў сельскагаспадарчы абарот каля 1386 гектараў земляў, за першае паўгоддзе 2023 года павінны здаць яшчэ амаль 700 гектараў. Рэканструкцыяй земляў займаемся ў Дзятлаўскім і Карэліцкім раёнах, а таксама на Навагрудчыне і Слонімшчыне, на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра. Сёння меліяратары працуюць не на 100, а практычна на ўсе 200 працэнтаў.
– Курс на тэхнічнае пераўзбраенне прадаўжаеце?
– З 2019 года мы пачалі актыўна абнаўляць машынна-трактарны парк, не спыняемся дагэтуль. За гэты час купілі каля 30 адзінак тэхнікі, у тым ліку 2 экскаватары, з дзяржаўнага бюджэту бязвыплатна атрымалі бульдозер SD16L коштам 377 тысяч рублёў, сёлета праз прамагралізінг набудзем яшчэ адзін, пяты па ліку. Задачы перад намі пастаўлены сур’ёзныя. У іх паспяховым вырашэнні робім стаўку на тэхнічнае пераўзбраенне, павышэнне вытворчасці працы, вопыт і майстэрства меліяратараў. На працягу сезона будзем працаваць па дагаворы падраду з іншымі прадпрыемствамі.
– Што пажадаеце калегам па працы?
– Тым, хто выбраў няпросты шлях у меліярацыю, – сіл, вытрымкі, здароўя, любові да сваёй справы. Няхай ваша прафесійная дзейнасць заўжды прыносіць задавальненне і добры фінансавы дастатак. Міру на зямлі і дабрабыту ў сем’ях.
Гарачая пара
Адной з важных дзяржаўных задач, нароўні з аднаўленнем земляў, з’яўляецца тэхнічны догляд меліярацыйных каналаў. Фінансаванне на гэтыя патрэбы выдзяляецца з абласнога і рэспубліканскага бюджэту.
Абкошваннем у двух раёнах займаюцца больш за 10 трактароў з падвяснымі касілкамі і каля паўтара дзясятка рабочых з мотакосамі. Актыўная касавіца пачынаецца з чэрвеня і прадаўжаецца да позняй восені.
Толькі на Дзятлаўшчыне працягласць каналаў складае больш за 900 кіламетраў, абкошваць іх патрабуецца не менш за 2 разы на месяц.
Работа – дакладная і скрупулёзная, усё тут на кантролі – ад тэхнікі бяспекі да вышыні травы.
– Працуем на высокі вынік, – расказвае старшы майстар Аляксандр Лішык. – Па ацэнцы інспектараў тэхнічнага агляду, Дзятлаўскі раён – лепшы ў сваёй падгрупе.
На абкошванні побач са сталымі трактарыстамі набіраецца вопыту падрастаючае пакаленне, ёсць і сямейныя тандэмы. Напрыклад, бацькавым трактарам МТЗ-82, пакуль тата Яўген Мікалаевіч у адпачынку, кіруе Іван Сіняк. Пасля заканчэння Іўеўскага ліцэя ён вярнуўся на малую радзіму з прафесіяй “трактарыст-машыніст, слесар па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі” і актыўна ўключыўся ў сямейную справу.
– Падабаецца работа і заробак: як малады спецыяліст, атрымліваю ўсе даплаты, – кажа ён. – Цяпер гарачая пара, самы час добра зарабіць.
Задача для прафесіяналаў
Ёсць сферы, дзе меліярацыйныя работы ідуць поруч з будаўнічымі. У шэрагу такіх аб’ектаў – рэканструкцыя водапаніжаючага шлюза на меліярацыйнай сістэме “Карыценка”.
Кіруе працэсам вопытны прараб Дзятлаўскага ПМС Аляксандр Бандаровіч, які ў мінулым не раз паспяхова рэалізоўваў падобныя праекты. Работы, распачатыя ў сакавіку, выходзяць у сваю фінальную стадыю і будуць завершаны ў чэрвені.
– Рабілі тут практычна ўсё, – ёміста абазначае аб’ём выкананых работ Аляксандр Мікалаевіч. – Устанаўлівалі адкрылкі, сценавыя блокі, абманалічванне верхняга і ніжняга пояса, ажыццяўлялі ўкладку пліткі, устаноўку затвора, забіўку шпунтоў, вялі бетонныя работы.
У цяперашні момант на аб’екце задзейнічаны экскаватар “Амкадор”, водапаніжаючая ўстаноўка, працуюць мантажнікі вонкавых трубаправодаў, рабочыя зялёнага будаўніцтва. Каб справіцца своечасова, выязджаюць на аб’ект шэсць дзён на тыдзень.
Шлюз будзе падтрымліваць неабходны ўзровень вады ў рацэ Карыценцы, што станоўча паўплывае на ўраджайнасць сельскагаспадарчых земляў. Ужо з ліпеня аналагічная будоўля чакае нашых меліяратараў у Карэліцкім раёне, дагаворы ўжо падпісаны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga