“Зецельскі фэст”: вы з якой пляцоўкі? (+відэа)

Важнае Грамадства

Праграма свята прадоўжылася работай шасці інтэрактыўных пляцовак і конкурсам-дэфіле сямейных касцюмаў у адзіным стылі “Family look”.

Свае дызайнерскія шэдэўры, творчыя здольнасці і артыстызм сем’і Дзятлаўшчыны прадставілі ў трох намінацыях – “Двайняты, трайняты”, “Шматдзетныя сем’і”, “Шчасце нараджаецца ў сям’і”.

На “Скрыжаванні мастацтваў” пад куратарствам Наталлі Нагорнай паказалі клас меламаны з усяе Гродзеншчыны, якія не толькі ўдала адгадвалі рэтра-кампазіцыі і музычныя навінкі, але і дэманстравалі адметныя артыстычныя здольнасці.

Самыя дружныя і спартыўныя ўдзельнікі фестывалю сямейнага адпачынку сабраліся на інтэрактыўнай пляцоўцы “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”, сёлета на ёй працавалі 22 каманды-ўдзельніцы. Спартсмены-аматары паказалі клас і зладжанасць на этапах “дартс”, “бег (таты)”, “бег на скакалцы” (матулі), турыстычная эстафета, гарадкі і іншых.

Сапраўдныя сямейныя батлы з творчым запалам і добрым настроем разгортваліся на фестывальных пляцоўках, дзе сем’ям прапанавалі праявіць сябе, праходзячы розныя заданні-выпрабаванні.

З яркага адкрыцця з удзелам тэатральнай студыі “Мелодыя душы” і роставых лялек” пачаліся спаборніцтвы на пляцоўцы “АRT-Batll – дружная сям’я”. Выпрабаванні на спрыт і зладжанасць дзеянняў тут праходзілі 6 сем’яў, сярод якіх былі госці з Бераставіцкага, Карэліцкага і Мастоўскага раёнаў.

Смажылі, пяклі, варылі – і ўсіх гасцей здзівілі!

Ці ведаеце вы сакрэт сямейнай кухні? Вядома ж, гэта не заморскія далікатэсы, падыдзе і бульба з уласнага агарода, галоўнае, каб прыгатавана яна была ўсімі сямейнікамі разам і з любоўю. А калі, акрамя солі і перцу, гатовую страву “прыправіць” творчай рэкламай з вершамі, песнямі, жартамі ды прыемнай дэгустацыяй, то формула поспеху, лічы, разгадана. Здаецца, пакарылася яна і ўдзельнікам самай масавай фестывальнай пляцоўкі “Гастранамічны конкурс”. Сваімі стравамі на “Зецельскім фэсце” здзіўлялі  амаль два дзясяткі сем’яў. Пляцоўка прываблівала не толькі яркім і арыгінальным афармленнем сталоў, але і прыемным пахам прыгатаванай дамашняй ежы, які разносіўся на ўсю акругу. Адным словам, конкурс – проста пальчыкі абліжаш. А галоўнае, што, дзякуючы гасціннасці гаспадароў, ні адзін наведвальнік гэту пляцоўку галодным не пакінуў.

 

Ні сякеры, ні цвікоў, а ўтульны дом гатоў!

“Будаўніком ты можаш і не быць, аднак фантазёрам з’яўляцца абавязаны” – такі настрой панаваў на пляцоўцы “Беларускі 3D- дворык”. Сем’ям-удзельніцам, сярод якіх былі госці з Навагрудскага, Смаргонскага і Івацэвіцкага раёнаў прапанавалі сваімі рукамі ўзвесці сядзібу мары ў нацыянальным стылі. У работах віталася наяўнасць бусліных гнёздаў, бо гэтыя птушкі —  не толькі сімвал Беларусі, але і немаўлятак бацькам прыносяць. Дадатковыя балы налічваліся і за выкарыстанне нацыянальных арнаментаў, вышыванак, іншай аўтэнтычнай аздобы і прадметаў. Пры ацэнцы члены журы надавалі ўвагу складанасці і арыгінальнасці канструкцый, а таксама поўнаму саставу “арганізацыі-забудоўшчыка” – каб былі тата, мама, дзеткі. А вось галоўную аздобу — мірнае неба над шчаслівымі беларускімі сядзібамі мары —  удзельнікам гэтай пляцоўкі, ды і “Зецельскага фэсту” ў цэлым, падарыла наша Радзіма — Беларусь.

Дзецям і дарослым давялося прайсці іспыт з шарыкамі “Ручаёк” і ўзяцца за “Парашуты”. Толькі на першы погляд здаецца, што пакарыць паветраную стыхію проста, а на справе атрымалася весела, смешна, у многіх – даволі арыгінальна. Усяго тры конкурсы, а колькі энергіі і старанняў. Журы было няпроста вызначаць лепшых.

Ірына СТЫРНІК

Наталля АВЯРЧУК