19 мая, у Дзень піянерскага сяброўства, вялікую сям’ю ГА “БРПА” Дзятлаўшчыны папоўнілі амаль 90 новых юных удзельнікаў.
У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава ў рамках раённай трохдзёнкі “Піянерыя Дзятлаўшчыны ў саюзе з БРСМ” у святочнай абстаноўцы ўрачыстае абяцанне акцябрат далі навучэнцы 1-3 класаў.
Павіншаваць новых юных удзельнікаў раённай піянерскай арганізацыі прыйшлі яе сябры: галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Алена Бічэль, першы сакратар ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, ветэран моладзевага руху раёна Валянціна Лейтар.
Праграму сустрэчы “Салют, Піянерыя!” адкрылі ансамбль барабаншчыц і вакальная група гімназіі № 1 горада Дзятлава, а піянеры-лідары першай школы падрыхтавалі вітанне ў вершах.
Перш чым на грудзях у хлопчыкаў і дзяўчынак заззялі маленькія акцябрацкія зорачкі, яны прайшлі важны іспыт: вывучылі і замацавалі 10 галоўных правілаў акцябрат, а затым урачыста паабяцалі быць заўжды гатовымі старанна і адказна вучыцца, дапамагаць тым, хто мае патрэбу, быць чулымі, спагадлівымі, прыносіць карысць сваёй сям’і, школе, гораду і Радзіме, расці сапраўднымі патрыётамі Рэспублікі Беларусь!
Старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Мішчанка, госці свята і старэйшыя сябры-піянеры шчыра павіншавалі маленькіх акцябрат з адказным момантам іх жыцця і пачаткам вялікай дарогі сталення, пажадалі ім поспехаў на гэтым шляху і каб спраўдзілі ўсе свае ўрачыстыя абяцанні.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga