Святочную праграму да Дня Перамогі ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня прадоўжыў урачысты канцэрт пад назвай “Пераможны дзень вясны спявае”.
У мажоры і міноры пранікнёнымі песнямі і музычнымі нумарамі маладыя і дарослыя артысты раёна праслаўлялі подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны і пераможны май 1945 года. Над горадам ляцелі дарагія і ўсімі любімыя мелодыі.
Тут жа, побач са сцэнай, артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ладзілі акцыю “Памяць. Адзінства. Перамога”. Любы жадаючы мог далучыцца да яе: прымацаваць на зорку-стэнд чырвоны гваздзік як сімвал памяці і падпісаць паштоўку-пажаданне для землякоў і ў гонар тых, хто падарыў нам мір.
Арт-эстафету ў старэйшых перанялі юныя выканаўцы – “унукі Перамогі”. Яны таксама парадавалі гледачоў сваімі выступленнямі і падарылі выдатны настрой.
На раённай сцэне дзятлаўчан змянілі госці з Гродна – артысты музычнага тэатра “Рада”, якія прадоўжылі светлае і ўсімі любімае свята Вялікай Перамогі яркімі хітамі мінулых гадоў і прыгожымі танцавальнымі пастаноўкамі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga