Старшакласнікам прапанавалі летам папрацаваць

Галоўнае Грамадства

У рамках рэспубліканскага праекта “Моладзевы кірмаш вакансій”, які праходзіць у нашай краіне з 15 па 19 мая, спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама расказалі старшакласнікам Дзятлаўшчыны, дзе яны могуць папрацаваць у вольны ад вучобы час.

Сустрэча адбылася ў кінатэатры “Спадарожнік” з запрашэннем дзесяці прадстаўнікоў наймальнікаў раёна, якія прапанавалі 90 вакансій. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Са словамі вітання да прысутных звярнулая начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель.

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік расказала, што фінансаванне часовай занятасці навучэнцаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. У 2023 годзе на Дзятлаўшчыне на гэта выдзелена 29 тысяч рублёў. Летам і ў вольны ад вучобы час запланавана ўладкаваць не менш за 100 чалавек. Старшакласнікі не проста будуць рамантаваць кнігі, фарбаваць сцены, а змогуць атрымаць першы вопыт работы ў калектыве, некаторыя – яшчэ і працоўныя кніжкі, зразумеюць, як самім зарабляць грошы і чаму варта цаніць тое, што ўжо створана. Другасная занятасць летам будзе арганізавана ў 10 установах адукацыі раёна.

Спынілася Ірына Анатольеўна і на патрабаваннях працоўнага заканадаўства. Расказала, што працаваць падлеткі могуць з 14 гадоў 4 гадзіны 36 хвілін у дзень на лёгкіх відах работ, якія не перашкаджаюць атрыманню агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, аднак пры наяўнасці згоды аднаго з бацькоў. З 16 гадоў такое рашэнне яны прымаюць ужо самастойна. Для працаўладкавання моладзі неабходны такія дакументы, як: накіраванне службы занятасці, пашпарт, даведка-пацвярджэнне з навучальнай установы, медыцынская даведка, пісьмовая згода аднаго з бацькоў (ва ўзросце з 14 да 16 гадоў), працоўная кніжка (калі ёсць), заява аб прыёме на работу. Разам з тым, школьнікі і студэнты могуць самастойна знайсці сабе часовую работу праз партал службы занятасці. Ірына Баравік расказала, як гэта можна зрабіць з дапамогай QR-кода і мабільнага тэлефона. Напрыканцы спецыяліст задала школьнікам “кантрольныя” пытанні па сваім выступленні, за правільныя адказы ўручыла бясплатныя білеты на дыскатэку.

Як і дзе на Дзятлаўшчыне можна папрацаваць у студэнцкіх атрадах, патлумачыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Адзначыла, што сёлетняй вясной працоўныя атрады навучэнцаў гарадскіх школ ужо функцыянавалі ў ЖКГ і Дзятлаўскім лясгасе. У чэрвені прапануецца занятасць у сельскагаспадарчых атрадах на відавой праполцы, у ліпені-жніўні старэйшыя за 16 гадоў студатрадаўцы змогуць папрацаваць на збожжатаку ў час жніва. Працоўная змена ў атрадзе – не менш за 10 дзён. Восенню студатрадаўцы будуць задзейнічаны на копцы бульбы.

Затым удзельнікі моладзевага кірмаша вакансій задавалі свае пытанні спецыялістам і прадстаўнікам наймальнікаў. Напрыканцы ўсе маладыя людзі, якія наведалі мерапрыемства, атрымалі салодкія падарункі. Як ні дзіўна, але па словах Ірыны Баравік, першымі наведвальнікамі кірмаша вакансій у гэты дзень сталі не школьнікі, а выхаванцы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава. Маленькія дзятлаўчане расказалі спецыялістам, якія прафесіі яны ўжо ведаюць, паслухалі, кім яшчэ можна стаць, і з задавальненнем пачаставаліся цукеркамі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: