З пункту гледжання спецыялістаў ЗАГС
Найбольш актуальныя пытанні, які задавалі дзятлаўчане ў Дзень прававой дапамогі па тэме: “Прававыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі”, праведзены галоўным спецыялістам аддзела ЗАГС райвыканкама Святланай Вінакуравай, мы вырашылі асвятліць у раённай газеце для інфармавання шырокага кола насельніцтва.
Пытанне: у мяне нарадзілася дзіця ад мужчыны, з якім я не распісана. Пры рэгістрацыі нараджэння ён адмовіўся прызнаць дзіця сваім, праз час я звярнулася ў суд, каб даказаць, што гэты мужчына – бацька майго дзіцяці. Суд задаволіў маю просьбу і выдаў мне на рукі рашэнне аб устанаўленні бацькоўства, дзе вызначана, што дзіцяці змяняецца імя па бацьку. Ці трэба цяпер мне мяняць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, і як гэта зрабіць?
Адказ: пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці павінна быць заменена.
Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і звесткі пра бацьку і іншыя неабходныя змяненні, якія вызначаны ў рашэнні суда аб устанаўленні бацькоўства, павінны быць унесены ў запіс акта аб нараджэнні дзіцяці.
Для гэтага мамай або самім дзіцем па дасягненні ім паўналецця падаецца ў орган ЗАГС у пісьмовай форме заява аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства на падставе рашэння суда.
Пытанне: ці можна дзіцяці прысвоіць прозвішча бацькі пры ўстанаўленні бацькоўства на падставе рашэння суда?
Адказ: пры рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства на падставе рашэння суда дзіцяці прысвойваецца прозвішча і імя па бацьку, названыя ў рашэнні суда аб устанаўленні бацькоўства. Таму аб змене прозвішча дзіцяці на прозвішча бацькі заяўніку неабходна хадайнічаць пры падачы ў суд іскавай заявы аб устанаўленні бацькоўства, каб пры вынясенні рашэння суда дадзенае патрабаванне было задаволена і прапісана ў рашэнні.
Пытанне: якім чынам вызначаецца месца жыхарства дзіцяці?
Адказ: згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што калі бацькі па нейкіх прычынах не жывуць разам (разведзеныя і іншае), то яны маюць права вызначыць, з кім будзе пражываць дзіця.
Бацькі ў добраахвотным парадку могуць вызначыць месца жыхарства дзіцяці, у тым ліку з афармленнем у натарыуса пагаднення аб дзецях. У ім можна прадугледзець, з кім будзе пражываць дзіця пасля разводу, парадак і перыядычнасць стасункаў з ім, іншыя пытанні, якія тычацца выхавання і ўтрымання дзіцяці.
У выпадку, калі бацькі не могуць дамовіцца паміж сабой аб месцы жыхарства дзіцяці, то адзін з іх мае права звярнуцца ў суд. Суд разглядае справы аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці з улікам заключэння органа апекі і папячыцельства, якім з’яўляецца аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.
Прадстаўнікі органа апекі і папячыцельства пры падрыхтоўцы заключэння вывучаюць умовы жыцця і выхавання дзіцяці, дзіцяча-бацькоўскія адносіны, з кім дзіця праводзіць больш часу, да каго больш прывязана, занятасць бацькоў і магчымасць забеспячэння належнага выхавання. Таксама высвятляецца меркаванне дзіцяці, старэйшага за 10 гадоў, пра тое, з кім з бацькоў ён жадае пражываць.
Падрыхтавала Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga