У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў ІІІ абласны фестываль педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню”, скіраваны на развіццё творчага патэнцыялу спецыялістаў дашкольнай адукацыі.
Наш раён на ім прадстаўлялі 8 педагогаў з Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, Гезгалаўскага, Новаяльнянскага дзіцячых садоў і Круцілавіцкай сярэдняй школы. Дзятлаўчане паўдзельнічалі ў рабоце секцый, дзе абмяркоўвалася пытанне фарміравання сацыяльна-маральных асобасных кампетэнцый у дзяцей дашкольнага ўзросту. Таксама на выставу “Маленькаму дзіцяці аб вялікім свеце” былі прадастаўлены аўтарскія дапаможнікі і матэрыялы з вопыту работы дзіцячых садоў № 1 і № 2 горада Дзятлава, Казлоўшчынскага, Новаяльнянскага, Гезгалаўскага, Таркачоўскага, Дварэцкага дзіцячых садоў.
Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук у час інтэрв’ю адзначыла:
– Удзел у фестывалі актуальны па некалькіх прычынах: па-першае, педагагічныя работнікі маюць выдатную магчымасць азнаёміцца з каштоўным вопытам калег, па-другое, павысіць уласную прафесійную кампетэнтнасць, прадставіўшы свае напрацоўкі шырокаму колу педагагічнай грамадскасці нашай вобласці.
Варта адзначыць, што ў сістэме работы педагогаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны напрацаваны свае формы падрыхтоўкі да фестывалю і трансляцыі вопыту работы ў рамках раёна. Рэгулярна ў канцы навучальнага года ў фармаце педагагічных марафонаў у нас падводзяцца вынікі работы па розных напрамках дзейнасці. Гэта былі фестываль тэатральных пастановак, фестываль сям’і, а сёлета ў рамках актуалізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання адбыліся творчыя справаздачы ўстановаў адукацыі па адзінай тэме “Свой край родны любі і ведай!”.
Матэрыялы па іх можна знайсці на сайце інстытута развіцця адукацыі ў рубрыцы “Метадычны партал”, – патлумачыла Кацярына Гайдук.
У рамках ІІІ абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню” таксама адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу метадычных распрацовак на тэму “Выхаванне грамадзяніна і патрыёта”, які ладзіўся завочна. Кампетэнтнае журы ацаніла 40 работ і выбрала 6 лепшых. Сярод іх аўтараў у тым ліку адзначаны педагагічныя работнікі дзвюх установаў дашкольнай адукацыі нашага раёна: Гезгалаўскага дзіцячага сада і дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga