Напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь на Дзятлаўшчыне каля вёскі Рабкі адбылася знакавая падзея: тут не толькі сустрэліся дзве калоны тэматычнага аўтапрабегу беларускіх чыгуначнікаў, але і быў адкрыты новы памятны знак.Мерапрыемства сабрала на адной пляцоўцы прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады, ААТ “Граніт-Агра”, педагогаў і навучэнцаў Круцілавіцкай сярэдняй школы, чыгуначнікі Баранавіцкага аддзялення чыгункі з двух чыгуначных вузлоў — Ліды і Баранавічаў, гасцей з Навагрудка, мясцовых жыхароў.
– Мы рэалізуем І этап доўгатэрміновага краязнаўчага праекта “Дарога з мінулага”, прысвечанага вузкакалейцы Наваельня – Навагрудак – Любча, што была пракладзена па загадзе германскага камандавання ў 1916 годзе ў час Першай сусветнай вайны, – звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы дырэктар Круцілавіцкай сярэдняй школы Сяргей Гузоўскі. – Калі ў суседніх краінах разбураюцца помнікі, мы, беларусы, стараемся захаваць родную гісторыю, каб наша падрастаючае пакаленне ведала, што адбывалася на нашай вялікай і малой Радзіме. Спадзяюся, гэты паравоз стане той нітачкай, якая злучыць мінулае і будучае пакаленні, а для нашага раённага цэнтра Дзятлава, які сёлета адзначае 525-годдзе заснавання, гэта прасторава-дэкаратыўная кампазіцыя – наш своеасаблівы падарунак да юбілею.
Па добрай традыцыі гаспадары павіталі гасцей хлебам-соллю і ўручылі ім прыгожы духмяны каравай.
Ва ўрачыстай абстаноўцы была перарэзана чырвоная стужка каля памятнага знака.
– Мы прысутнічаем на адкрыцці аб’екта, прысвечанага вузкакалейнай дарозе, якая раней звязвала Навагрудскі і Дзятлаўскі раёны, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. – Яна як гістарычная сувязь паміж пакаленнямі, якую стараемся захаваць і памножыць. Гэта сімвал чыгункі, якая ў часе “пралягла” праз даваенны перыяд, ваеннае ліхалецце да сённяшніх дзён і развіцця нашай маладой дзяржавы. Жадаю Беларускай чыгунцы і ўсім прысутным мірнай і светлай будучыні.
Дзмітрый Баравік і намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка падзякавалі за падтрымку і супрацоўніцтва пры рэалізацыі праекта начальніку Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Валерыю Вярэнічу, перадалі яму рукатворны макет паравозіка з лёну і саломкі ў якасці талісмана для чыгуначнікаў, пажадалі ім і іх пасажырам заўжды зялёнага святла.
– Задача нашага пакалення – захаваць гісторыю, у якой яшчэ не ўсе старонкі прапісаны, – падкрэсліў у сваю чаргу Валерый Вярэніч. – Цяпер на гэтым месцы ёсць напамін пра тое, што раней тут быў “малодшы брат” вялікай чыгункі – вузкакалейка (а на той час функцыянавала і шырокая каляя). Шырокакалейку будаваць заўсёды затратна, таму ў глыбінцы пракладвалі менавіта такія аб’екты, каб да асноўнай магістралі дастаўляць грузы і пасажыраў. Яны давалі ў невялікіх райцэнтрах работу, магчымасць турызму і вандровак. Яшчэ краязнаўчы праект – прабуджэнне ў дзяцей і дарослых жадання больш даведацца аб гісторыі свайго краю. Спадзяюся, гэты знак стане месцам сустрэч і ўрачыстасцяў, ну а напярэдадні Дня дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ён злучыў удзельнікаў аўтапрабегу.
Паколькі на свяце прысутнічалі сваякі землякоў, якія ў свой час працавалі на вузкакалейцы машыністамі, абходчыкамі, слесарамі па рамонце рухомага саставу, кандуктарамі, то сваімі ўспамінамі падзяліўся адзін з іх – Ігар Літавар. Ён узгадаў, як у дзяцінстве разам з татам часта праязджаў паўз гэтага месца і чуў аповеды пра яго.
Сярод жыхароў Беларусі нямала энтузіястаў, якія цікавяцца гістарычнымі фактамі пра чыгунку, і на мерапрыемства быў запрошаны адзін з іх – навуковы супрацоўнік Навагрудскага музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба, які падарыў свае кнігі школьнаму музею.
– У наш хуткаплынны час мы ўсё радзей звяртаемся да тэкстаў, большае значэнне набывае візуалізацыя, – расказаў кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Круцілавіцкай школы Сяргей Каско. – З такога пункту гледжання і быў задуманы гэты гістарычны знак. “Зачапіўшыся” за яго, пазнавальную дзейнасць можна весці далей: гісторыя Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, летапіс вёсак, знакамітыя землякі, гаспадарчыя працэсы, такім чынам фарміруецца комплекснае ўяўленне аб мясцовасці. Пры зборы матэрыялаў гэтага праекта было вельмі шмат сустрэч, якія дапамаглі даведацца, што на працягу вузкакалейкі захавалася нямала цікавых аб’ектаў. Калі на кожным з іх з’явяцца інфармацыйныя шыльды, то гэтым з задавальненнем скарыстаюцца вандроўнікі і турысты.
Сяргей Віктаравіч шчыра падзякаваў усім без выключэння памочнікам школьнага музея, якія дапамаглі ўвасобіць праект у жыццё, устанавіць знак і добраўпарадкаваць тэрыторыю, пералічыўшы не адзін дзясятак імёнаў і калектываў, сярод якіх не толькі раённае кіраўніцтва, мясцовая гаспадарка і чыгуначнікі, але і краязнаўцы, прадпрымальнікі, землякі.
Варта ведаць, што агульнымі намаганнямі тут з’явілася прасторава-дэкаратыўная кампазіцыя “Паравоз”, інфармацыйная шыльда аб’екта, знак, які сімвалізуе назву і паказвае кірункі перамяшчэння вузкакалейкі Наваельня – Навагрудак – Любча, і маладзенькая ліпавая алея чыгуначнікаў з 25 дрэўцаў, а ў Круцілавіцкай сярэдняй школе – тэматычная экспазіцыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga