Няхай дрэўцы растуць разам з дзецьмі

Галоўнае Грамадства

У Год міру і стварэння рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” адзначае 35-годдзе свайго заснавання.

З гэтай нагоды ў нашай краіне арганізацыя аб’явіла марафон міру, дзяцінства, дабрыні і міласэрнасці, адным з мерапрыемстваў якога з’яўляецца акцыя “Мой цудоўны сад”.

Рэалізаваць яе на Дзятлаўшчыне было вырашана на тэрыторыі дзіцячага дома сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў. На сёння гэтыя бацькі-выхавальнікі гадуюць 9 дзяцей з ліку сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў.

– Безумоўна, для ажыццяўлення задумкі нам спатрэбілася падтрымка сацыяльнага партнёра, – зазначыла старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская. – З просьбай аказаць дабрачынную дапамогу ў выглядзе саджанцаў дрэваў ці кустоў звярнуліся ў дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову “Дзятлаўскі лясгас”. Адміністрацыя лясгаса згадзілася бязвыплатна выдзеліць для высадкі на тэрыторыі дзіцячага дома сямейнага тыпу па 10 саджанцаў туі і ядлоўцу. Наша грамадскае аб’яднанне вельмі ўдзячнае за чулае і ўважлівае стаўленне да дзяцей. Акцыя “Мой цудоўны сад” дапамагла зрабіць гульнявую тэрыторыю сям’і яшчэ больш утульнай і прыгожай, упэўнена, што маладзенькія саджанцы будуць нагадваць дзецям пра нашу сумесную працоўную справу, пра радасныя і шчырыя хвіліны, якія яна падарыла ўсім удзельнікам. Мяркую, дрэўцы зробяць больш прыемнымі сямейныя мерапрыемствы, якія ладзяцца на свежым паветры.

– Мы не маглі не адгукнуцца на акцыю дзіцячага фонду “Мой цудоўны сад”, – заўважыў дырэктар лясгаса Сяргей Дурко. – Наша арганізацыя прадаставіла пасадачны матэрыял, які вырошчваем у гадавальніку Вензавецкага лясніцтва. Прывезлі два віды саджанцаў – тую пірамідальную і ядловец казацкі. Гэта дэкаратыўныя расліны, якія будуць упрыгожваць тэрыторыю вакол дома вялікай сям’і. Мы заўжды гатовы падтрымаць падобныя прапановы аб дабрачыннасці, тым больш што яны яшчэ і папулярызуюць работу лясгаса.

 

Актыўна гаспадары і госці, сярод якіх, акрамя прадстаўнікоў лесагаспадарчай установы, была і спецыяліст сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марына Сербін, уключыліся ў сумесную справу. Як працалюбівыя мурашы, хлопчыкі выносілі з машыны саджанцы і клалі насупраць загадзя ўстаноўленых кіёчкаў-метак. Вельмі дарэчы лесаводы захапілі з сабой мотабур для зямельных работ, з дапамогай якога хутка рабілі ямкі. Услед за імі ішла талака работнікаў – палівалі, саджалі, трамбавалі зямлю. Літаральна за лічаныя хвіліны маладзенькая алея “выцягнулася” ўздоўж агароджы.

– Шчырае дзякуй усім за клопаты і тое дабро, якое робіце для нашай сям’і, – звярнуліся да ўдзельнікаў акцыі Аляксандр і Марына Шэлегі. – Выхоўваць, гадаваць, дарыць цяпло дзецям, якія пазбаўлены клопату ўласных бацькоў, – справа нялёгкая. Калі ідзеш па гэтым шляху, вельмі важна адчуваць падтрымку, ведаць, што ты не адзін. Акцыя “Мой цудоўны сад” для нас, як людзей веруючых, стала сімвалічнай. Гасподзь, калі стварыў чалавека, наказаў яму берагчы райскі Эдэм. Так і для кожнага з нас важна ствараць прыгажосць на роднай зямлі, вучыць гэтаму падрастаючае пакаленне.

На памяць кожнаму з гасцей Аляксандр Шэлег і дзеці падарылі зробленыя сваімі рукамі сімвалы Перамогі – бутаньеркі з нацыянальнай сімволікай і яблыневай кветкай, а таксама дзве важныя для жыцця кнігі, у якіх можна знайсці адказы на самыя складаныя пытанні, – “Біблію” і “Дабро и зло. Біблейскія гісторыі ў ілюстрацыях”.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: