18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей запрасіў усіх жадаючых на экскурсійна-пазнавальныя мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі нашага раёна.
Святочнае мерапрыемства “Музей збірае сяброў”, якое стала ўжо традыцыйным, сёлета наведалі навучэнцы школ горада Дзятлава. Гасцей павітала галоўны захавальнік фондаў Ірына Якаўчык.
– 18 мая супрацоўнікі музеяў адзначаюць сваё прафесійнае свята з 1977 года. Яго святкуюць больш за 150 краін свету, – расказала яна. – Музеі – гэта наша гісторыя, гэта тыя месцы, дзе зберагаюцца самыя каштоўныя рэчы, калі-небудзь вынайдзеныя і створаныя чалавекам. Па добрай традыцыі ў гэты дзень мы праводзім акцыю “Ноч музеяў”, калі ўваход у музейныя залы бясплатны для ўсіх жадаючых.
Сваёй творчасцю са школьнікамі раёна падзяліўся педагог-гісторык, даследчык роднага краю, самадзейны мастак і разьбяр Аркадзь Сокал. Разам з жонкай Раісай Міхайлаўнай яны падрыхтавалі экскурсію “Гісторыя Дзятлава ў мастацкіх работах”, якая завяршылася майстар-класам разьбы па дрэве. Аркадзь Мяфодзьевіч, які займаецца адраджэннем і развіццём разьбярнага рамяства, паказаў школьнікам, як працаваць з дрэвам з дапамогай спецыяльных інструментаў – нажа, разца, свёрдла, сякеры, пілы, навучыў тонкасцям і этапам працэсу стварэння прыгажосці.
Для самых адукаваных і дапытлівых у музеі прайшоў батл “525 гадоў гораду Дзятлава”, у час якога юныя эрудыты змаглі праверыць свае веды па гісторыі роднага краю. Для аматараў рэтра-касцюмаў працаваў фотасалон “Хто ў люстэрку?”.
У Дзень музеяў установу наведала начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч. Яна зацікавілася творчасцю Аркадзя Сокала, яго палотнамі па тэме “Храмы Беларусі” і работамі з дрэва на міфалагічныя матывы, пажадала яму творчых поспехаў і новых ідэй.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga