Фестываль “Зецельскі фэст” у Дзятлаве сабраў сяброў. Адкрыццё. (+відэа)

Галоўнае Улада

Сёмы штогадовы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” выйшаў за межы раённага, сёлета сабраў 68 дружных, творчых, спартыўных сем’яў з розных куткоў Беларусі.

У Год міру і стварэння ён прайшоў у межах рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна” пад дэвізам “Сем’і за мір і стварэнне!”.

Землякоў і гасцей свята павітаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Штогадовы фестываль сямейнага адпачынку, які стаў добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне, накіраваны на ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў і традыцый, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Мы бачым, што мерапрыемства стала любімым у дзятлаўчан. Прыемна ўсведамляць, што наша брэндавае свята набывае маштаб міжрэгіянальнага.

Сям’я – гэта аснова дзяржавы, дзе з малаком маці чалавек упітвае свае патрыятычныя якасці, духоўнасць, культуру. Гэта месца, дзе мы чэрпаем натхненне, дзе заўсёды адчуваем моцны тыл і падтрымку. У нашым раёне 302 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца 974 дзіцяці – гэта трэцяя частка дзяцей раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую матулям, адзначаным ордэнам Маці, на Дзятлаўшчыне іх 49.

Дарагія сябры! Шчыра жадаю вам на нашым фестывалі творчых поспехаў, спартыўных дасягненняў, кожнаму знайсці, дзе праявіць сябе. Жадаю ўсім добра адпачыць, адчуць сябе адной дружнай сям’ёй і прывезці з Дзятлаўшчыны самыя яркія эмоцыі. Няхай у вашых сем’ях заўжды пануюць мір, утульнасць і згода.

Госцем на сямейным свяце ў Дзятлаве стаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валерый Кавалькоў. Ён таксама  павіншаваў прысутных:

– 15 мая Рэспубліка Беларусь адзначыла самае цудоўнае і цёплае свята – Дзень сям’і. Радуе, што Дзятлаўшчына таксама далучылася да рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна”. Беларусы – вельмі сямейныя людзі, для 98 % насельніцтва нашай краіны сям’я з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, – адзначыў  Валерый Валер’евіч. – Традыцыі любові, клопату, узаемнай павагі вельмі моцныя ў краіне, і іх трэба папулярызаваць. На сёння кожная трэцяя сям’я ў Беларусі – двухдзетная, і іх колькасць расце. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, заснаванні сямейнага капіталу, у сем’яў ёсць магчымасць атрымаць жыллёвыя і шэраг іншых ільгот. Толькі за апошнія 10 гадоў колькасць шматдзетных сем’яў павялічылася на 70 %, у Беларусі іх сёння 122 тысячы, у такіх сем’ях жыве кожны пяты маленькі беларус. Жадаю, каб у вас былі поўныя, дружныя, любячыя сем’і, каб былі магчымасць і жаданне мець шмат дзяцей. У сваю чаргу дзяржава будзе дапамагаць іх гадаваць і выхоўваць, прадастаўляючы цэлы комплекс сацыяльных гарантый.

Да віншаванняў далучылася  старшыня камітэта – начальнік упраўлення пенсій і дапамогаў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аліна Варанюк:

– Ад імя Гродзенскага аблвыканкама, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне шчыра віншую вас са святам. Ад усёй душы жадаю вам міру, спакою і дабра.

Ці можа каханне “пакрыцца” серабром? Адказ на гэта пытанне ведаюць сямейныя пары, якія ідуць поруч ужо 25 гадоў і сёлета адзначаюць сваё сярэбранае вяселле. Сёлета ў ганаровай кнізе раённага аддзела ЗАГС свае подпісы пакінулі 10 “сярэбраных” сем’яў-юбіляраў.  Усе яны атрымалі памятныя юбілейныя медалі ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алены Васкель, кветкі і падарункі — ад арганізацый, у якіх працуюць.

Авацыямі дзятлаўчане сустракалі сям’ю залатых юбіляраў – Івана Ільіча і Зою Аляксандраўну Буйко. Іх павіншавалі са святам блізкія і калегі.

У гэты дзень прымалі віншаванні прыёмныя сем’і Млынарчыкаў і Асіпук-Фатон, людзі з добрым сэрцам, яны ўзялі на сябе велізарную адказнасць за лёс і выхаванне дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, падарылі ім сваю любоў, пяшчоту, увагу і клопат.

На галоўнай сцэне арганізатары свята павіталі сем’і ўдзельнікаў  фестывалю, уручылі ім духмяныя дзятлаўскія караваі і прэзенты на памяць аб сустрэчы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga