Аб капітальных рамонтах, узгаранні сухой расліннасці, сельскагаспадарчых работах, правядзенні апошніх званкоў у навучальных установах і іншых тэмах гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Гаспадаркі ўкамплектаваць кармамі
Сельская гаспадарка на гэтым тыдні актыўна займаецца корманарыхтоўкай. Як падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, аграрыі настройваюцца на высокія тэмпы нарыхтоўкі. Гэта звязана і з добрым надвор’ем, і з намерам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў атрымаць як мага больш якасных травяных кармоў, улічваючы развіццё малочнай і мясной жывёлагадоўлі.
Старшыня райвыканкама ў чарговы раз нагадаў аб узмацненні і кантролі за пажарнай бяспекай у час палявых работ. Таксама Андрэй Уладзіміравіч даручыў аналізаваць структуру выручкі ў гаспадарках. У некаторых яна складаецца на 70-80 % ад рэалізацыі малака.
Ці прыстойны выгляд вонкавай рэкламы?
На гэтай тэме завастрылі ўвагу ў час абласной відэанарады ў кантэксце ўсёй Гродзеншчыны.
Андрэй Садоўскі заўважыў, што ржавым і выцвілым рэкламным шчытам не месца ў раёне, даручыў у двухтыднёвы тэрмін “прыгледзецца” да гэтых канструкцый і прыняць меры па прывядзенні ў належны эстэтычны і тэхнічны стан рэкламных носьбітаў, калі гэта неабходна. Многія рэкламныя шчыты – гэта сацыяльная рэклама, яна павінна быць яркай і пазнавальнай.
Цягаюць жалеза, падстаўляюць інвалідаў
Па лініі міліцыі абмеркавалі два важныя аспекты з папярэджаннем дзятлаўчан быць уважлівымі да сваёй маёмасці і законнасці сваіх дзеянняў.
Крадзяжы металу – увогуле набалелая з’ява апошніх гадоў, асабліва з пакінутых без нагляду на доўгі перыяд домаўладанняў. Зараз жа, як падкрэслілі на нарадзе, у Расійскай Федэрацыі вырас кошт на метал, таму ў нас актывізаваліся скупшчыкі, якія яго вывозяць у краіну-суседку. Попыт параджае прапанову – у выніку пачасціліся крадзяжы металічных вырабаў з тэрыторыі домаўладанняў грамадзян. Асобы, якія нідзе не працуюць, злоўжываюць алкагольнымі напоямі, толькі і выглядаюць, што ў суседзяў “дрэнна ляжыць”.
Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на тым, што і на прадпрыемствах такія крадзяжы могуць адбывацца і лепшы спосаб іх недапушчэння, кантролю на сёння – гэта ўстаноўка відэаназірання за аб’ектамі, паколькі адзін ахоўнік не можа надзейна кантраляваць вялікую тэрыторыю.
Другая праблема, якая зараз “набірае абароты” – гэта дакументальнае афармленне пакупкі аўтамабіля на імя інвалідаў або шматдзетных бацькоў, паколькі дадзеная катэгорыя грамадзян карыстаецца льготамі на выплату мытных пошлін пры ўвозе легкавога аўтамабіля. Як правіла, ільготніку прапануюць невялікую суму за правядзенне афармлення. Пасля хітрай здзелкі ёсць рызыка пазнаёміцца з падатковай інспекцыяй не пры лепшых абставінах. Рана ці позна льготніку прыйдзецца пацвердзіць даход. Калі не зможа, то заплоціць 20 % падатку на розніцу паміж фактычнымі расходамі на набыццё аўтамабіля і ўстаноўленымі даходамі. А таксама ён становіцца саўдзельнікам злачынства, паколькі ўзяў грошы за афармленне здзелкі.
Зараз у нашым раёне праводзіцца праверка па 12 падобных выпадках.
Іншыя тэмы коратка
Ва ўрочышчы Рыбакі 26 мая пройдуць раённыя спаборніцтвы добраахвотных пажарных падраздзяленняў і санітарных дружын арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Таксама ў гэты дзень распачне сезон сёлетніх турыстычных злётаў – раённы педагагічны турзлёт.
****
Паказчык індэкса фізічнага аб’ёму па раёне склаў за чатыры месяцы 104,8 %. Істотны ўплыў на выкананне дадзенага паказчыка аказала рэзультатыўная дзейнасць прадпрыемстваў: “Дзятлаўская сельгастэхніка”, “Новаяльнянскі КХП”, “Ізакам”, “Ізакам Пласт” і іншых.
****
Апошнія званкі на Дзятлаўшчыне для ўсіх школьнікаў празвіняць 25 мая ў 10 гадзін раніцы.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga