Адзіны дзень інфармавання. Беларусь добра ведае цану міру

Важнае Улада

18 мая на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп, у тым ліку ўсіх намеснікаў старшыні райвыканкама, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, абласная пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Адной з галоўных узнялі тэму гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне як фактара фарміравання патрыятызму. Сёлета Беларусь адзначае 78-ю гадавіну Вялікай Перамогі, якая дасталася дарагой цаной: загінуў кожны трэці наш суайчыннік. Бітвы на беларускай зямлі ў чэрвені-жніўні 1941 года садзейнічалі зрыву германскага плана “маланкавай вайны” з СССР і дазволілі падрыхтавацца да адбіцця варожага наступу на Маскоўскім кірунку. У Чырвонай Арміі змагаліся 1,3 мільёна нашых суайчыннікаў, у авангардзе барацьбы з нацыстамі былі больш за 400 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На жаль, з цягам часу ўсё больш настойлівымі становяцца спробы скажэння ваеннай гісторыі. Наша задача – не дапусціць падобных фальсіфікацый, таму ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны нормы, што “дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (артыкул 15), а таксама “захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа і патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь” (артыкул 54). Праўдзівая гісторыя Беларусі пішацца са слаўных дасягненняў і вядомых імёнаў. У гэтым летапісе – гераічная абарона гарнізона Брэсцкай крэпасці, бітва пад Магілёвам, партызанскія баі ў ваколіцах Пінска, ёсць каго ўзгадаць і сярод нашых землякоў. Мы ганарымся іменем Іосіфа Філідовіча, які паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Тэма знайшла адлюстраванне ў веламаршруце “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, урачыста адкрытым у Год гістарычнай памяці. Наогул, у Беларусі праводзіцца мэтанакіраваная работа па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, паслядоўна рэалізуецца дзяржаўная гістарычная палітыка, узяты курс на папулярызацыю гістарычных ведаў. Арыенцірам на гэтым напрамку стала правядзенне кіраўніком дзяржавы 1 верасня 2022 года адкрытага ўрока “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню!” у Палацы Незалежнасці для школьнікаў, студэнтаў і маладых навукоўцаў краіны. Абмеркаванне тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны атрымала шырокае распаўсюджванне на тэматычных пляцоўках, у тым ліку ў нашым раёне. У 2021-2022 гадах айчыннае заканадаўства было дапоўнена законамі “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму” і “Аб генацыдзе беларускага народа”. Добрай традыцыяй Беларусі і Расіі стала рэалізацыя патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці”.

Праўда пра Перамогу савецкага народа жыве, пакуль жывуць нашы ветэраны, таму клопат пра іх традыцыйна з’яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Беларусы будуць захоўваць гістарычную памяць у сэрцах, сямейных альбомах, кадрах кінахронік, песнях ваенных гадоў, праз акцыю “Беларусь памятае”.

На жаль, у XXI стагоддзі мы сталі сведкамі новых формаў агрэсіі на міжнароднай арэне. На Захадзе не цырымоняцца з непажаданымі і слабымі, практыкуюць аказанне эканамічнага ціску, палітычны шантаж, тэхналогіі хлусні і паклёпу, насаджэнне неанацызму, вырошчванне “пятых калон”. Страта ўзаемнага даверу паміж глабальнымі гульцамі, адсутнасць гатоўнасці да кампрамісаў, вяртанне да элементаў блокавага супрацьстаяння, па сутнасці, паставілі свет на мяжу новай вайны. Знаходзячыся на еўрапейскім скрыжаванні, з гэтымі выклікамі сутыкнулася і Беларусь, якая добра ведае цану міру, таму робяцца ўсе неабходныя намаганні па ўмацаванні нацыянальнай бяспекі.

Падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за студзень-сакавік 2023 года, не абышлі сітуацыю на Дзятлаўшчыне. Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі адзначыў, што спрыяльным быў мінулы год, аб чым сведчыць занясенне раёна на рэспубліканскую Дошку гонару. З пачатку гэтага года эканоміка таксама складваецца някепска, аднак па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне рэалізацыі гатовай прадукцыі і рынкаў збыту. “Прырос” раён па заработнай плаце ў сярэднім каля 17 %. Дастаткова ўпэўнена адчуваюць сябе прыватныя прадпрыемствы па вырабе ізаляваных трубаў. Развіваецца сельская гаспадарка раёна і паказвае рост на 12 % да мінулагодняга ўзроўню, аднак тут многае залежыць ад надвор’я. Па выніках 4-х месяцаў раённы бюджэт выконваецца.

Спыніліся і на мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія гадуюць дзяцей. У Беларусі ім аказваецца дзяржпадтрымка па забеспячэнні даступнасці жылля, прадастаўляюцца прэферэнцыі ў сістэме адукацыі, аховы здароўя, пры падаткаабкладанні, прадугледжана 11 відаў дзяржаўных дапамогаў, у тым ліку ўведзены такі від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем’яў, як сямейны капітал, існуе грунтоўная падтрымка сем’яў, дзе гадуюцца дзеці-інваліды.

Напярэдадні летніх канікулаў і сезона адпачынку не абышлі ўвагай тэму бяспекі, абмяркоўваючы якую, закранулі паводзіны на вадзе, прафілактыку вогненных здарэнняў, карысную занятасць непаўналетніх, абмежаванні або забарону на наведванне лясоў з-за ўмоваў надвор’я, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншыя пытанні.

Дадаткова было расказана аб правядзенні ў нашым раёне дыспансерызацыі насельніцтва.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: